100 гадоў таму ў Мінску бальшавікамі быў разагнаны I Усебеларускі з’езд

100 гадоў таму ў Мінску бальшавікамі быў разагнаны I Усебеларускі з’езд

100 гадоў таму ў Мінску бальшавікамі быў разагнаны I Усебеларускі з’езд (яго таксама называюць кангрэсам). Ён праходзіў з 5 да 17 снежня 1917 года і быў вельмі прадстаўнічым — 1872 дэлегаты. Было заяўлена права беларускага народа на самавызначэнне. Частка дэлегатаў выступала за аўтаномію Беларусі (а некаторыя ўжо тады гаварылі пра незалежнасць), частка бачыла будучыню ў складзе Расіі. Неўзабаве гвалтоўныя дзеянні бальшавікоў многіх з іх аб’ядналі.

Цэнтральныя савецкія ўлады спрыялі правядзенню з’езда, спадзяваліся, што ён выкажацца ў іх падтрымку. Аднак мясцовыя бальшавікі яго разагналі, кіраўніцтва было арыштаванае. З’езд паспеў выбараць Раду, якая ў падполлі пачала рыхтаваць стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года будзе абвешчаная дзяржаўная незалежнасць БНР).

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка ў прывітанні, накіраваным удзельнікам канферэнцыі “Падзеі 1917 года ў гістарычным лёсе Беларусі”, назваў з’езд “народным сходам”. Па словах кіраўніка дзяржавы, “ідэя самавызначэння Беларусі, якая ішла знізу, ад ініцыятывы народных мас, выразілася ў скліканні I Усебеларускага з’езда”. А ён, у сваю чаргу, “прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, значныя для нас і да цяперашняга дня: сваю дзяржаву, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці”. Лукашэнка падкрэсліў, што “толькі адзінства ўсіх нас, усяго нашага беларускага народа з’яўляецца гарантам выбару і захавання самастойнага шляху развіцця”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі