14:18 Радаўнiца ўнясе карэктывы ў рух транспарту

17 красавiка на аўтадарогах паблiзу сталiчных могiлак будзе зменена арганiзацыя руху.
Як паведамiлi ва ўпраўленнi Дзяржаўтаiнспекцыi краiны, карэктывы ў маршрут транспартных сродкаў будуць унесены ў сувязi з тым, што на Радаўнiцу месцы пахаванняў сваiх родных i блiзкiх наведвае вялiкая колькасць людзей.

Многiя прыедуць на ўласных аўтамабiлях. I дзеля таго, каб пазбегнуць затораў, грамадскi транспарт будзе курсiраваць па спецыяльна вызначаных маршрутах, а асобныя ўчасткi дарог будуць перакрыты для руху прыватных аўто.

У прыватнасцi, праехаць на ўласным аўтамабiлi з Мiнска да Мiханавiцкiх могiлак можна будзе толькi па дарозе “Новы Двор-Мiханавiчы-Пяцеўшчына”. Вяртацца ў сталiцу давядзецца па дарозе “Асееўка-Мiханавiчы”.

Грамадзяне, якiя маюць намер на сваiх аўто наведаць Паўночныя могiлкi, павiнны ведаць, што на ўчастку дарогi “Калодзiшчы- Заслаўе”: ад перасячэння з трасай “Мiнск-Калачы-Мядзел” да вёскi Забалоцце, будзе аднабаковы рух у напрамку Цны.
На гэтым жа ўчастку дарогi для руху ў сустрэчным напрамку будзе выдзелена спецыяльная паласа грамадскаму транспарту.

Паблiзу Чыжоўскiх могiлак на МКАД для прыватнага транспарту будзе арганiзаваны аднабаковы рух з выездам на дарогу “Новы Двор -Мiханавiчы-Пяцеўшчына”. Насупраць могiлак, у полi, будзе абсталявана аўтастаянка на 1200 месцаў.

Пешаходы змогуць прайсцi да могiлак не толькi праз тунэль, але па МКАД, дзе будзе часовы пераход. У мэтах бяспекi пешаходаў на ўчастку кальцавой дарогi побач з Чыжоўскiмi могiлкамi хуткасць руху часова абмяжуецца 50 кiламетрамi ў гадзiну.

Тут жа будзе забаронены i прыпынак транспартных сродкаў. Таксама давядзецца зменшыць хуткасць, прычым да 40 кiламетраў у гадзiну, i кіроўцам, якiя будуць ехаць па праспекце Незалежнасцi ў бок Усходнiх могiлак.

Паколькi на спецыяльнай пляцоўцы ў такi дзень звычайна не хапае месца для ўсiх аўтамабiляў, на праспекце, насупраць могiлак, будзе выдзелены ўчастак для стаянкi транспартных сродкаў.


Паведамляе газета “Звязда”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі