20:00 Столінскага маньяка асудзілі да пажыццёвага зняволення

Да пажыццёвага зняволення прыгавораны 22-гадовы жыхар Столінскага раёна, кіроўца СВК "Беражное". Судовай калегіяй па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні, якое праходзіла ў Століне, ён прызнаны вінаватым ва ўчыненні некалькіх цяжкіх злачынстваў, прадугледжаных адразу чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэкса — забойстваў, згвалтаванняў і крадзяжоў.

Следства ўстанавіла, што 10 верасня, прапанаваўшы падвезці дамоў 15-гадовую жыхарку вёскі Рубель, якая вярталася з дыскатэкі з суседняй вёскі, кіроўца згвалтаваў школьніцу, а потым задушыў. Пасля чаго закапаў цела ў кукурузным полі за паўтара кіламетра ад вёскі Рубель.

Падчас ператрусу ў доме падазронага былі знойдзеныя залаты ланцужок і завушніца, якія належалі 29-гадовай жанчыне, швачцы аднаго з прадпрыемстваў Століна; яна знікла ў ліпені 2005 году.

Яе труп быў знойдзены 25 кастрычніка 2005 году ў лясным масіве непадалёк ад вёскі Беражное, дзе жыў злачынца. 4 ліпеня 2005 году ён таксама прапанаваў падвезці гэтую жанчыну, якую потым згвалтаваў, забіў і зняў з яе залатыя рэчы, забраў дакументы і фотаапарат.

Судова-псіхіятрычная экспертыза прызнала ў злачынцы наяўнасць свядомасці. На судзе ён заявіў, што ахвяры нібыта самі прапаноўвалі яму свае "паслугі", пасля чаго пагражалі, што заявяць на яго ў міліцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі