237 дзён за кратамі. Гісторыя арышту і вызвалення Уладзіміра Беражкова

237 дзён за кратамі. Гісторыя арышту і вызвалення Уладзіміра Беражкова

Затрыманне

 

Беражкова затрымліваюць 13 жніўня. Нейкі час пра гэта няма ніякай інфармацыі. Афіцыйнае паведамленне ад Следчага камітэта з'яўляецца толькі ўвечары 14 жніўня:

"Следчым камітэтам распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса у дачыненні да выканаўцы абавязкаў генеральнага дырэктара — генеральнага менеджара хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Уладзіміра Беражкова. Службовая асоба падазраецца ў крадзяжы грашовых сродкаў клуба праз злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі ў памеры не менш як 45 мільёнаў рублёў", — гаварылася ў ім.

Беражкова абвінавацілі ў тым, што ён зняў з фіктыўнай карткі 1 мільярд рублёў. Распачалі крымінальную справу па ч. 4 арт. 210 "Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры". Ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

 

Версія Следчага камітэта

У канцы жніўня на спецыяльным брыфінгу кіраўніцтва СК расказвае пра падрабязнасці справы. Затрыманаму раней за Беражкова былому гендырэктару Максіму Суботкіну выстаўленае абвінавачанне па артыкуле “Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі”. Паводле версіі праваахоўнікаў, Суботкін самавольна заснаваў прадпрыемства ЗАТ “Маркетынг ХК “Дынама”, праз якое прызначыў сабе штомесячную зарплату памерам 45 мільёнаў рублёў. А таксама заключыў праз гэтае прадпрыемства фіктыўную дамову на 400 мільёнаў.

Следчыя расказваюць, што самога Уладзіміра Беражкова абвінавачваюць у “Раскраданні шляхам злоўжывання службовым становішчам”. Паводле версіі праваахоўнікаў, Беражкоў аформіў у клубе знаёмага, якому прызначыў штомесячную зарплату памерам 15 мільёнаў, а яшчэ рэгулярна выплачваў яму прэміі на суму ад 80 да 160 мільёнаў. У выніку з рахунка свайго знаёмага, запэўнівае следства, Беражкоў асабіста зняў 1 мільярд 90 мільёнаў. СК арыштаваў рахунак Беражкова, на якім быў 1 мільярд 800 мільёнаў. Паведамлялася таксама, што і Суботкін, і Беражкоў прызналіся ў злачынствах і нават пачалі кампенсаваць нанесеныя страты. Праваахоўнікі заявілі, што Беражкоў ужо выплаціў 133 мільёны і гатовы працягваць пакрыванне стратаў, нават збіраецца звярнуцца да Лукашэнкі па пытанні памілавання.

237 дзён за кратамі. Гісторыя арышту і вызвалення Уладзіміра Беражкова

 

Версія сына Беражкова

“Тыя 1,8 мільярда — гэта грошы ад прададзенай у ліпені кватэры. Прычым набытая яна была пасля продажу іншай кватэры. Таму паходжанне гэтых грошай лёгка патлумачыць”, — заяўляе Беражкоў-малодшы. І расказвае, што 133 мільёны пакрытай шкоды аплаціла, не разбіраючыся, сям’я Уладзіміра Беражкова: “Для нас галоўнае, каб ён хутчэй выйшаў з турмы. Для яго, напэўна, таксама”.

Праз нейкі час Мікіта Беражкоў разам з сям'ёй з'ехаў у Расію. Ён амаль перастаў кантактаваць з журналістамі, тлумачыў пераезд тым, што у Мінску на яго пачалі ціснуць.

 

Версія СМІ

Увосень расійскае выданне "Спорт-Экспрэс" публікуе матэрыял, заснаваны на ананімнай інфармацыі з клуба "Дынама-Мінск". У ім гаворыцца, што праблемы ў клубе пачаліся з праверкі доктара "Дынама". Ён сумяшчаў працу ў камандзе з падпрацоўкай на “хуткай”. А працоўныя гадзіны, пастаўленыя ў табелях уліку, не ўсюды супадалі. Пасля гэтага пачалі правяраць гендырэктара Суботкіна, якога хутка затрымалі. Пасля затрымання Суботкін звязаўся з Беражковым, які пачаў выконваць яго абавязкі, і папрасіў знайсці адваката, што не спадабалася адстаўным сілавікам, якія займаюць ключавыя пасады ў ХК “Дынама-Мінск”. Пасля гэтага заняліся і Беражковым.

Былыя калегі Уладзіміра Беражкова па "Прэсболе" і іншых беларускіх спартовых СМІ амаль аднагалосна сумняваюцца ў праўдзівасці версіі Следчага камітэта. Усю сваю журналісцкую кар'еру Беражкоў пабудаваў на выкрыцці карупцыі ў спорце. Таму сярод журналістаў актыўна абмяркоўваецца версія помсты Беражкову з боку ўплывовых сілавікоў. Такую версію падмацоўвае тое, што кіраўніцтва ХК "Дынама-Мінск" амаль цалкам складаецца з былых і дзейных сілавікоў, з метадамі якіх часта не пагаджаўся Беражкоў.

 

Зацягванне следства

Аб тым, што справа Беражкова хутка будзе перададзеная ў суд, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч упершыню расказвае журналістам у канцы восені. Чым моцна здзіўляе адваката Беражкова, якая нават не знаёмілася з матэрыяламі справы. Пазней такія паведамленні з'яўляюцца яшчэ некалькі разоў, аднак да суда справа так і не дайшла. Справай былога кіраўніка клуба спрабавалі займацца нават хакеісты. У інтэрнэт трапіў ліст да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць функцыянера з-пад варты. Дакумент падпісалі ўсе гульцы клуба. Аднак з нейкай прычыны ён так і не быў адасланы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі