28 ліпеня ў Беларусі абяцаюць спякоту да +33 градусаў
Спякотнае надвор'е з дажджамі і навальніцамі чакаецца па большай частцы тэрыторыі краіны 28 ліпеня. У сувязі з гэтым сіноптыкі абвяшчаюць аранжавы ўзровень небяспекі, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У чацвер прагназуецца пераменная воблачнасць, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах магчымыя навальніцы. Па прагнозах сіноптыкаў, вецер будзе няўстойлівы з парывамі 3-8 метраў за секунду, пры навальніцах — да 14 метраў за секунду.
Уначы тэмпература паветра чакаецца +15...+21, удзень слупок тэрмометра падымецца да 27-33 градусаў.
У Мінску, па звестках Белгідрамета, удзень чакаецца 27-29 градусаў вышэй за нуль. Магчыма, пройдзе дождж з навальніцай.