6000 вязняў уцяклі з турмы падчас паслявыбарчых пратэстаў у Мазамбіку

Пратэсты ў Мазамбіку

Пратэсты ў Мазамбіку / AP Photo

З турмы строгага рэжыму ў сталіцы Мазамбіка Мапуту ўцяклі не менш за 6000 зняволеных. Яны скарысталіся беспарадкамі падчас пратэстаў, якія ахапілі краіну пасля выбараў, піша Associated Press.

Паводле начальніка мясцовай паліцыі Бернардзіну Рафаэля, ахова спрабавала спыніць уцекачоў. Пры гэтым 33 зняволеныя загінулі, а 15 атрымалі раненні. Уцёкам вязняў паспрыяла антыўрадавая дэманстрацыя каля турмы, падчас якой былі разбітыя паліцэйскія машыны, участкі і інфраструктура. Пратэстоўцы абвалілі сцяну ў турме, што дапамагло зняволеным.

Бернардзіну Рафаэль заявіў, што некаторыя вязні забралі зброю ў ахоўнікаў і пачалі вызваляць іншых затрыманых. Так на волі апынуліся 29 асуджаных тэрарыстаў.

Беспарадкі ў Мазамбіку ўспыхнулі пасля таго, як вышэйшы суд краіны на гэтым тыдні пацвердзіў афіцыйныя вынікі кастрычніцкіх прэзідэнцкіх выбараў. Улады заявілі пра перамогу Даніэла Шапу — паводле афіцыйных звестак ён атрымаў 65% галасоў. Аднак многія жыхары Мазамбіка спадзяваліся на перамогу лідара апазіцыі Венансія Мандлане. Яму на выбарах налічылі 24%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі