Абарона Баўмгертнера хоча сустрэцца з кіраўніцтвам Генпракуратуры
Беларускія адвакаты, якія абараняюць гендырэктара "Уралкалія" настойваюць на сустрэчы з кіраўніцтвам Генеральнай пракуратуры.
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведамілі ў Рэспубліканскай калегіі адвакатаў са спасылкай на адваката Ганну Славіну — адну з трох беларускіх абаронцаў расійскага бізнэсоўца.
На мінулым тыдні адвакаты Уладзіслава Баўмгертнера падалі некалькі скаргаў, у тым ліку ў Следчы камітэт, старшыні Мінскага гарадскога суда, пракурору Мінска. Акрамя таго, яны падалі скаргу на імя генпракурора і заяву, каб іх прыняў генпракурор або яго намеснік. Падчас сустрэчы адвакаты плануюць асабіста выказаць кіраўніцтву Генпракуратуры довады ў абарону правоў і законных інтарэсаў свайго падабароннага.
Мяркуецца, што адказ на сваю заяву ў Генпракуратуру адвакаты атрымаюць не пазней за пачатак наступнага тыдня.
Фота Баўмгертнера — vesti.ru