Па справе "Уралкалія" Беларусь падасць іск на 100 млн долараў
Праўда, толькі ў тым выпадку, калі справа ўсё ж такі дойдзе да суда.
Сума беларускіх грамадзянскіх іскаў па так званай "калійнай справе" складзе каля 100 млн долараў. Пра гэта журналістам паведаміў генеральны пракурор Аляксандр Канюк, перадае БелаПАН.
Разам з тым, генпракурор прызнаўся, што час разгляду справы ў судзе пакуль не вядомы, бо ў Расіі "калійная справа" ўсё яшчэ працягвае разглядацца.
Свае фінансавыя прэтэнзіі Беларусь плануе заявіць на судзе над былым гендырэктарам расійскай кампаніі "Уралкалій" Уладзіславам Баумгертнерам. У тым выпадку, калі гэты суд усё ж такі адбудзецца.
Гендырэктара "Уралкалія" затрымалі ў Мінску 26 жніўня 2013 года. Спярша яго вінавацілі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, потым абвінавачанне было дапоўнена крадзяжом. У лістападзе таго ж года Баўмгертнера перадалі расійскім праваахоўнікам. Пасля гэтага беларускі бок перадаў у Расію ўсе дакументы па справе.
Фота — medpro.com.ua