У Расіі спынілі крымінальную справу Баўмгертнера

У Расіі спынілі крымінальную справу генеральнага дырэктара кампаніі “Уралкалій” Уладзіслава Баўмгертнера. Пра гэта заявіў у пятніцу генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

“Наколькі мне вядома, там (у Расіі) спыненая крымінальная справа ў дачыненні да Баўмгертнера”, — адзначыў генпракурор.

Між тым ён падкрэсліў, што “спыненне гэтай крымінальнай справы не азначае, што нельга заяўляць пазовы пра кампенсацыю шкоды”.

“Сам факт спынення крымінальнай справы ў дачыненні да Баўмгертнера не азначае, што ў парадку грамадзянскага судаводства нельга будзе падаць пазоў”, — заявіў Канюк.

Генпракурор паведаміў, што ў бліжэйшы час правядзе перамовы з Генеральнай пракуратурай Расіі, на якіх плануе абмеркаваць у тым ліку пытанне аб кампенсацыі для Беларусі ўрону па “калійнай справе”, інфармуе ТАСС.

У ліпені 2013 года расійская кампанія “Уралкалій” заявіла пра выхад з партнёрства ў “Беларуськаліем” і пачала несанкцыянавана прадаваць калійныя ўгнаенні, што прывяло да абвалу коштаў.

У жніўні 2013 года Уладзіслаў Баўмгертнер прыбыў у Мінск па запрашэнні тагачаснага прэм’ера Беларусі Міхаіла Мясніковіча. У часе гэтага візіту ён быў арыштаваны па абвінавачанні ў злоўжыванні з карыслівай зацікаўленасці і нанясенні шкоды ў 100 мільёнаў долараў “Беларуськалію” і Беларускай калійнай кампаніі. Праз два месяцы яго перадалі расійскім праваахоўным органам, якія спачатку змясцілі Баумгертнера пад варту, але потым перавялі пад хатні арышт. У верасні 2014 года кіраўніка “Уралкалія” вызвалілі з-пад хатняга арышту пад заклад.

Фота: vedomosti.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі