Баўмгертнер рыхтуецца да выхаду з-пад хатняга арышту ў элітных апартаментах

7 ліпеня Масгарсуд скасаваў пастанову аб падаўжэнні тэрміну хатняга арышту і адправіў справу на новы разгляд у Басманны суд Масквы. Ці азначае гэта, што, нягледзячы на сабраныя Следчым камітэтам Беларусі доказы віны гендырэктара “Уралкалія”, ён “выйдзе сухім з вады”?

Адвакат расійскага бізнесмена Дзмітрый Шашкоў раіць Еўрарадыё не спяшацца з  віншаваннямі.

Дзмітрый Шашкоў: “Заўтра справа будзе разглядацца ў Басманным судзе паўторна. Таму сачыце за Басманным. А сёння я больш ніяк не магу каментаваць гэтую сітуацыю. Усё заўтра!”

Суха адрэагавалі на навіну і ў беларускім Следчым камітэце.

“Мы не ў сілах каментаваць тыя дзеянні, якія ажыццяўляюцца за межамі нашай дзяржавы іншымі падраздзяленнямі праваахоўных сістэм”, — тлумачыць супрацоўнік прэс-службы Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

Праўда, таксама раіць дачакацца рашэння Басманнага суда. Магчыма, не выключае суразмоўца Еўрарадыё, па выніках прынятага рашэння беларускі бок і зробіць нейкія крокі. Да ўсяго, кажа Сяргей Кабаковіч, скасаванне пастановы аб падаўжэнні тэрміну хатняга арышту не азначае спынення крымінальнай справы.

Нагадаю, Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Мінску ў жніўні 2013 года адразу па заканчэнні перамоў з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам і змешчаны ў СІЗА КДБ. Гендырэктара “Уралкалія” абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. 22 лістапада Баўмгертнер быў экстрадыяваны ў Расію і змешчаны ў адзін з маскоўскіх следчых ізалятараў. 10 снежня ён быў змешчаны пад хатні арышт на хадайніцтва следства. У Расіі яго абвінавачвалі ў тым, што ён “выкарыстаў свае службовыя паўнамоцтвы насуперак законным інтарэсам камерцыйнай арганізацыі і ў мэтах здабывання выгод і пераваг для сябе ды іншых асоб, што пацягнула цяжкія наступствы”.

Дарэчы, цяжкія ўмовы хатняга арышту Баўмгертнер пераносіў у элітных апартаментах “Дома пісьменнікаў” у цэнтры Масквы. Праўда, пакідаць адрас фактычнага пражывання, кантактаваць з кімсьці, апроч адвакатаў і следчых, карыстацца тэлефонам і інтэрнэтам бізнесмену было забаронена. Не выключана, што ўжо заўтра гэтыя абмежаванні будуць знятыя, але на магчымасць інтэрв’ю Баўмгернера для Еўрарадыё Дзмітрый Шашкоў глядзіць скептычна.

Дзмітрый Шашкоў: “Я не думаю, што ён будзе адказваць на вашыя пытанні”.

Ад моманту затрымання ў Беларусі Уладзіслава Баўмгернера ў кампаніі “Уралкалій” змяніліся і ўладальнік, і кіраўніцтва. І калі ў кампаніі “хварэюць” за поўнае вызваленне свайго былога гендырэктара, то казаць пра яго вяртанне на працу не спяшаюцца.

“Гэтае пытанне да рады дырэктараў. Бо ў выпадку, калі пазіцыя генеральнага дырэктара будзе разглядацца, то гэта яны вырашаюць. І цяпер пакуль пра гэта рана казаць, бо следства яшчэ не спыненае. Мы, канечне, вельмі спадзяемся, што ўсё ў яго добра скончыцца, але пакуль яшчэ рана нават нешта меркаваць”, — тлумачыць Еўрарадыё прэс-сакратар па працы з замежнымі СМІ “Уралкалія” Вольга Ільіна.

Адваротнае меркаванне наконт няпэўнасці судовай і крымінальнай будучыні Уладзіслава Баўмгернера ў дацэнта паліталогіі МДУ Кірыла Коктыша.

Кірыл Коктыш: “Баўмгертнер быў патрэбны для таго, каб дабіцца нейкіх дамоўленасцяў з “Уралкаліем” па кампенсацыі стратаў. І калі гэтыя дамоўленасці былі дасягнутыя, ён перастаў быць істотнай фігурай. Таму патрымалі яго ў маскоўскім СІЗА, каб пацвердзіць справядлівасць прэтэнзій беларускіх органаў, а пасля таго як усе “ключавыя” ўдзельнікі захавалі твар і свайго дабіліся, гэтую справу можна і спускаць на тармазах”.

                                   Кірыл Коктыш

Па словах Коктыша, ніякіх прэтэнзій беларускі бок з нагоды магчымага апраўдання Баўмгертнера выстаўляць Маскве не будзе: “Перадалі яго ў Маскву і паставілі ў сябе птушачку, што справа завершаная”.  Тым больш, мяркуе эксперт, што для Мінска галоўнае цяпер — дамовіцца пра ўмовы далейшага суіснавання “Уралкалія” і “Беларуськалія”.

Дарэчы, прадстаўніца “Уралкалія” нагадвае, што некалькі тыдняў таму кіраўнік Беларусі сустракаўся з саўладальнікам “Уралкалія” Дзмітрыем Мазепіным.

Вольга Ільіна: “Дыялог прайшоў канструктыўна і пазітыўна, але больш мы нічога казаць не можам. Вы ж самі разумееце: пытанне адчувальнае і палітызаванае — як і ўвесь гэты працэс. Мае ён і пэўныя юрыдычныя абмежаванні — любое пагадненне, у якім бы фармаце яно ні было, будзе разгледжанае антытраставымі органамі, антыманапольнымі. Таму стараемся агучваць толькі правераную інфармацыю (пра магчымае аднаўленне супрацы калійных кампаній нашых краін — Еўрарадыё) і не займацца спекуляцыямі”.

Пакуль, кажа Ільіна, ідзе “прамацванне глебы”. Вынік гэтага прамацвання сёння больш важны для Мінска і Масквы, чым лёс Баўмгертнера.

Фота: Змітра Лукашука, www.vedomosti.ru, www.vesti.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі