Абвешчаны першы прысуд па "справе Ціханоўскага"

Палітвязень Уладзімір Няронскі / spring96.org​
Палітвязень Уладзімір Няронскі / spring96.org​

На тры гады калоніі асудзіў суд Лагойскага раёна блогера са Слуцка Уладзіміра Няронскага, паведамляе spring96.org. Гэта першы прысуд па так званай "справе Ціханоўскага".

Няронскага абвінавачвалі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх" і ў "абразе прадстаўніка ўлады" — старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага. Бок абвінавачвання палічыў, што Няронскі публічна абразіў чыноўніка ў адным з сваіх відэа на YouTube.

Групавыя дзеянні, якія "груба парушалі грамадскі парадак", Няронскі, паводле версіі абвінавачвання, арганізоўваў разам з Сяргеем Ціханоўскім — праз YouTube і тэлеграм-каналы.

Няронскі прызнаў віну ў абразе, быў гатовы публічна папрасіць прабачэння, але абвінавачванне ў "змове з Ціханоўскай" і іншымі асобамі адхіліў.

Уладзімір Няронскі — аўтар YouTube-канала "Слуцк для жизни". Ён сапраўды меў зносіны з Сяргеем Ціханоўскім, у лютым 2020-га рабіў яму экскурсію па горадзе. Слуцкага блогера затрымалі 6 траўня 2020 года — спачатку за адміністрацыйнае правапарушэнне. У чэрвені ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Увесь гэты час ён знаходзіўся ў зняволенні, часам у вельмі няпростых умовах.

"У камеру мне закідвалі смярдзючых бамжоў з паслабляльным, каб яны абгажвалі там усё. Адзін мне сказаў: "Ведаеш, нас чацвярых сёння сабралі па горадзе і сказалі, што я ім сёння патрэбны". Гэта смешна, там хворыя людзі, нельга так рабіць з інвалідамі. Як жывёламі, як рэчамі карыстаецеся! Але супрацоўнікі Магілёўскага ІЧУ малайцы: яны сказалі, што не будуць падпарадкоўвацца адміністрацыі, і прыбралі на наступны дзень гэтага інваліда. Мяне трымалі ў самай халоднай "хаце". У мяне заўсёды быў парадак, я там усё "хаты" паперамываў", — казаў у сваім апошнім слове на судзе Уладзімір Няронскі.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Тры гады калоніі, якія для яго папрасіў дзяржабвінаваўца і падтрымаў суддзя, — гэта самае строгае пакаранне з усіх магчымых па гэтых артыкулах, адзначаюць праваабаронцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі