Ад выбуху да інфаркту. Топ фільмаў пра смерць дыктатараў

Кадры з фільмаў "Крушэнне" і "Смерць Сталіна" / калаж Еўрарадыё
Кадры з фільмаў "Крушэнне" і "Смерць Сталіна" / калаж Еўрарадыё

У байнэце цяпер толькі і размоў, што пра хваравітасць Аляксандра Лукашэнкі. Аўтакрат на вайсковым парадзе ў Маскве не змог прайсці і 300 метраў да месца ўрачыстага ўскладання кветак, а ўжо ў Мінску адмовіўся (упершыню за ўсё сваё кіраванне) ад святочнай прамовы.

Вядома, гэтае тэлешоу нічога не кажа нам пра рэальны стан здароўя Лукашэнкі, але і не забараняе пафантазіраваць, якім можа быць яго канец.

А мы тым часам успомнім, як у вялікім кіно і серыялах выглядала смерць іншых (не)вялікіх дыктатараў.

 

Адольф Гітлер – “Крушэнне”

(Der Untergang, рэж. Олівер Хіршбігель, 2004 год)

З гістарычнай фігуры, вінаватай у мностве жудасных злачынстваў супраць чалавецтва, у масавай кінакультуры правадыр Трэцяга Рэйха ўжо даўно ператварыўся ва ўніверсальнага злачынца. Кінематаграфісты па-рознаму выяўлялі яго ў канцы жыцця — як маладушнага баязліўца, што абраў цыянід замест стрэлу з пісталета (патэтычная савецкая эпапея “Вызваленне” Юрыя Озерава) і як ахвяру змовы афіцэра СС (прыгодніцкі баявік у жанры альтэрнатыўнай гісторыі “Бясслаўныя вырадкі” Квенціна Таранціна).

Але набліжаную да рэчаіснасці смерць фюрэра можна пабачыць у фільме “Крушэнне”, знятую паводле мемуараў яго асабістага сакратара Траўдль Юнге. Ролю Гітлера там бліскуча выканаў швейцарскі акцёр Бруна Ганц, чыі нямоглыя істэрыкі ў атачэнні генералаў ужо даўно сталі набыткам інтэрнэт-мемаў.

Іосіф Сталін — “Смерць Сталіна”

(The Death of Stalin, рэж. Арманда Іянучы, 2017 год)

У адрозненне ад Гітлера, смерць савецкага дыктатара на вялікім экране звычайна прадстаўленая з сур’ёзным апломбам. У мантажнай дакументальнай стужцы “Дзяржаўнае пахаванне” Сяргея Лазніцы развітанне з трупам Сталіна нагадвае масавы рэлігійны абрад, у якім удзельнічае ўся краіна, а Аляксей Герман-старэйшы ў драме “Хрусталёў, машыну” робіць з яе брэйгелеўскую трагедыю.

Лепш за ўсіх з задачай справіўся шатландскі сатырык Арманда Іянучы. У яго чорнай камедыі “Смерць Сталіна” генсека прыхоплівае ад смеху падчас чытання ліста з праклёнамі ў яго адрас, пасля чаго ён памірае на падлозе ў лужыне мачы.

Можа, і далёкая ад ісціны, але вельмі іранічная гібель для вялікага дыктатара.

Нікалае Чаўшэску — “Тры дні да Калядаў”

(Trei zile pana la Craciun, рэж. Раду Габра, 2012 год)

Рэжым румынскага дыктатара, якога любяць параўноваць з Лукашэнкам, абрынуўся праз дзесяць дзён пасля пачатку масавых хваляванняў. Не дапамаглі здушыць пратэсты ні Секурытатэ (мясцовы аналаг КДБ), ні армія, якая хутка перайшла на бок пратэстоўцаў і арыштавала Чаўшэску разам з яго жонкай Аленай. Хутка адбыўся ваенны трыбунал, і абаіх расстралялі.

Усе гэтыя падзеі падрабязна адлюстраваны ва ўедлівай аж да нюансаў румынскай дакудраме “Тры дні да Калядаў”. Тут дакументальная хроніка спалучаецца з гульнявымі эпізодамі, што толькі дадае моцных эмоцый ад прагляду.

Уладзімір Ленін — “Цялец”

(“Телец”, рэж. Аляксандр Сакураў, 2000 год)

Як вядома, правадыр сусветнага пралетарыяту мірна памёр зімой 1924-га на сваім лецішчы ў Горках. Але гэта толькі частка праўды. Трэба разумець, што апошнія гады сталі для Леніна крахам усёй яго палітычнай кар’еры. Праз фізічную немач — параліч і разлад маўлення — яго распараджэнні і лісты ніхто сярод былых паплечнікаў усур’ёз не ўспрымаў. 

Гэты стан нямога адчаю нікому больш не патрэбнага стваральніка савецкай імперыі вельмі тонка намаляваў савецкі і расійскі рэжысёр Аляксандр Сакураў у драме “Цялец”. Гэта частка яго тэтралогіі пра ўладу: “Молах” (пра Гітлера), “Сонца” (пра японскага імператара Хірахіта), “Фаўст”.

Чэ Гевара – “Чэ. Частка другая”

(Che: Part Two, рэж. Стывен Содэрберг, 2008 год)

У народнай памяці Эрнэста Чэ Гевара застаўся як адзін з палымяных правадыроў кубінскай рэвалюцыі, але насамрэч гэта нашмат больш спрэчная гістарычная постаць. Чэ спрычыніўся да тэрору і масавых забойстваў кубінскіх палітвязняў.

Не знайшоўшы сябе пасля перамогі на Кубе, Чэ паспрабаваў экспартаваць рэвалюцыю ў Конга і Балівію, дзе яго нарэшце напаткаў расстрэл. Як гэта адбылося, можна пабачыць у самым канцы біяграфічнай дылогіі Стывена Содэрберга “Чэ”, прысвечанай лёсу знакамітага лацінаамерыканца.

Беніта Мусаліні — “Мусаліні. Апошні акт”

(Mussolini ultimo atto, рэж. Карла Ліцані, 1974 год)

Італьянская ваенная драма пра апошнія пяць дзён з жыцця Мусаліні, які хаваўся ад помсты італьянскіх антыфашыстаў і партызан. Задума не ўдалася: дучэ арыштавалі, калі ён справабаваў выдаць сябе за нямецкага салдата і збегчы з краіны. На наступны дзень яго з каханкай Кларай Петачы расстралялі, а потым прывезлі ў Мілан і падвесілі за ногі на адной з АЗС.

У драме італьянскага рэжысёра Карла Ліцані такіх зверстваў няма, але сцэна расстрэлу паказаная даволі яскрава і драматычна.

Садам Хусэйн — “Дом Садама” (мінісерыял)

(House of Saddam, шоуранэр Стывен Бутчард, 2008 год)

З пункту гледжання народнай справядлівасці лёс дыктатара Ірака можна лічыць узорным. Садам Хусэйн прайграў вайну амерыканцам, быў выдадзены сваім найбліжэйшым атачэннем, паўстаў перад судом на радзіме і ўрэшце быў павешаны за ваенныя злачынствы і генацыд курдаў. 

Яго падрабязную біяграфію “знутры” — ад моманту здабыцця ўлады да турэмнага зняволення — можна паглядзець у ігравым серыяле тэлеканала HBO.

Бонус: Кім Чэн Ын – “Інтэрв'ю”

(The Interview, рэж. Сэт Роген і Эван Голдберг, 2014 год)

Цяперашні дыктатар Паўночнай Карэі жывейшы за ўсіх жывых, што не замінае амерыканскім комікам забіваць яго ў вялікім кіно. Галоўныя хуліганы Галівуда Сэт Роген і Эван Голдберг знялі здзеклівы камедыйны баявік.

У ім ЦРУ патрабуюць ад двух недалёкіх амерыканскіх тэлэжурналістаў ліквідаваць кіраўніка КНДР атручанымі пластырамі. Ын сапраўды памрэ, але, як і трэба ў галівудскім кіно, больш захапляльным і відовішчным чынам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі