Адзін з найлепшых альпіністаў свету Улі Штэк загінуў на Эверэсце
Адзін з найвядомейшых у свеце альпіністаў, швейцарац Улі Штэк загінуў падчас узыходжання на Эверэст. Ён хацеў узняцца на гару нязвыклым маршрутам і без кіслароднага балона. Як паведамляюць замежныя СМІ са спаслыкай на Федэрацыю альпінізму Непала, Штэк хутчэй за ўсё паслізнуўся. Яго цела знайшлі на Эверэсце, пасля чаго верталётам перавезлі ў сталіцу Непала Катманду.
Колькі дзён таму альпініст напісаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, што за дзень узняўся на 7 тысяч метраў ад базавага лагера і вярнуўся назад, бо лічыў, што прызвычаіцца да вялікай вышыні лепей падчас актыўнай акліматызацыі.
У 2012 годзе Штэк ужо скараў гэтую вяршыню без кіслароднага балона, а два гады таму ён скарыў усе 82 альпійскія пікі болей за 4 тысячы метраў за 62 дні.
За хуткасць і дакладнасць узыходжання ён атрымаў мянушку “швейцарская машына”. Напрыклад, на Паўночную сцяну Эйгера ён узышоў за 2 гадзіны 46 хвілінаў, хоць першыя альпіністы скаралі яе па некалькі дзён.