Адзін з затрыманых расказаў пра дзіўнае месца, куды яго перавезлі з Акрэсціна

У жніўні пад Слуцкам абгарадзілі тэрыторыю для затрыманых пратэстоўцаў (фота носіць ілюстрацыйны характар)​
У жніўні пад Слуцкам абгарадзілі тэрыторыю для затрыманых пратэстоўцаў (фота носіць ілюстрацыйны характар)​

Калі ініцыятыва экс-сілавікоў апублікавала аўдыёзапіс, на якім чалавек з голасам, падобным на голас намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова, казаў пра рашэнне арганізаваць працоўныя лагеры для пратэстоўцаў, фатограф выдання "Новы Час" Дзмітрый Дзмітрыеў успомніў пра незвычайнае месца, куды яго і іншых затрыманых перавезлі 13 жніўня з ізалятара на Акрэсціна.

Калі затрыманых загрузілі ў аўтазакі, яны думалі, што едуць у Жодзіна.

"Прыехалі, нас выгрузілі, выбудавалі ў такія "скрынкі" чалавек па 40, па 50. Радамі такімі. Каб ім было зручней лічыць ці што. Адразу было відаць, што гэта фігня нейкая, а не Жодзіна", расказаў Дзмітрыеў у інтэрв'ю "Радыё Свабода".

Один из задержанных рассказал о странном месте, куда его перевезли с Окрестина
Дзмітрый Дзмітрыеў / svaboda.org

Затрыманым сказалі, што гэта Слуцкі ІЧУ і што тут яны будуць адбываць адміністрацыйнае пакаранне. На ІЧУ гэта не было падобна, кажа Дзмітрыеў. У свой час ён некалькі гадоў адпрацаваў у міліцыі. Ізалятар — гэта адзін будынак. Яны ж аказаліся на тэрыторыі вялізнага комплексу.

"Было відаць, што ўсю тэрыторыю толькі-толькі агарадзілі высокім плотам. Свежая драўніна зусім, яшчэ нават не пацямнела. Плот вышынёй метраў пяць, не менш. І вышкі зусім свежыя вакол. Як у лагерах, там яшчэ стаяць ахоўнікі", — кажа Дзмітрыеў. Праз кожныя 10 метраў стаялі аўтаматчыкі з сабакамі.

Паводле яго слоў, у яго ўзнікла думка, што іх прывезлі на тэрыторыю нейкай вайсковай часткі. У цэлым стаўленне аховы было нармальным. На людзей не крычалі, далі магчымасць памыцца, дапамаглі з рэчамі.

Але на раніцу на тэрыторыі комплексу, па словах Дзмітрыева, з'явіліся "нейкія мясцовыя мужычкі адпаведнага віду і паху".

"Яны пачалі капаць ямы, устаўлялі ў ямы свежыя драўляныя слупы, нацягвалі паміж імі калючы дрот. Усё гэта для таго, каб адгарадзіць вялікія памяшканні на тэрыторыі адно ад аднаго. Казалі нам, што будуюць новы Асвенцім", — расказаў былы міліцыянт.

Тады ж ён нарэшце даведаўся, што лагер размешчаны каля Слуцкага ЛПП.

Один из задержанных рассказал о странном месте, куда его перевезли с Окрестина
Лячэбна-працоўны прафілакторый у вёсцы Паўлаўка Слуцкага раёна / sb.by

На другі дзень усіх зняволеных нечакана вызвалілі. Усіх папрасілі больш не хадзіць на пратэсты і далі падпісаць адпаведную паперу, кажа Дзмітрыеў.

На запісе, які 15 студзеня апублікавала ініцыятыва экс-сілавікоў, чалавек з голасам, падобным на голас Карпянкова казаў, пра планы стварыць у Беларусі спецыяльныя канцэнтрацыйныя працоўныя "лагеры для асабліва востракапытных", у якія будуць трапляць пратэстоўцы.

У МУС каментаваць запіс адмовіліся. Афіцыйная прадстаўніца ўстановы Вольга Чамаданава сказала, што "мы не каментавалі і не будзем каментаваць фэйкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі