Агучаны прысуд па справе аб выбуху на Светлагорскім ЦКК

Здарэнне адбылося 7 чэрвеня 2023 года

Здарэнне адбылося 7 чэрвеня 2023 года / sk.gov.by

Агучаны прысуд па справе аб выбуху на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. 7 чэрвеня 2023-га ў адным з цэхаў прадпрыемства адбылася "ўспышка газапаветранай сумесі без наступнага гарэння". Тры чалавекі загінулі.

Як паведамляе пракуратура Гомельскай вобласці, за "парушэнне правілаў аховы працы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць трох чалавек" судзілі намесніка начальніка цэха рэгенерацыі. Ён даручыў сваім падначаленым "правесці хімічнае прамыванне перакісам вадароду пасудзіны, якая працуе пад высокім ціскам". Падкрэсліваецца, што ў тэхнічнай дакументацыі "выкарыстанне дадзенага небяспечнага рэагента не было прадугледжана" (што было вядома службовай асобе). Пры правядзенні гэтых работ і "адбылася самаадвольная ланцуговая экзатэрмічная рэакцыя, якая справакавала выбух магутнасцю каля 680 кг у трацілавым эквіваленце". Сваю віну намеснік начальніка цэха прызнаў часткова.

Мужчына асуджаны на 5 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Яго пазбавілі на пяць гадоў права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.

Было падлічана, што прадпрыемству была нанесена шкода ў памеры больш за 7 мільёнаў рублёў. Суд задаволіў іскавыя заявы намесніка генпракурора і спагнаў з абвінавачанага на карысць ЦКК, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Светлагорскай раённай бальніцы больш за 7 млн рублёў ("за нанесеную ім маёмасную шкоду"). На карысць пацярпелых з камбіната была спагнана матэрыяльная кампенсацыя маральнай шкоды — 560 тысяч рублёў.

Пасля выбуху следчыя разглядалі дзве версіі прычыны трагедыі — работы без рэгламенту і дапушчаныя парушэнні ў тэхналагічным працэсе. У выніку спыніліся на першай.

Сітуацыю з выбухам на прадпрыемстве аператыўна асвятляў светлагорскі тэлеканал "Ранак". Неўзабаве яго супрацоўнікі трапілі пад рэпрэсіі. У верасні 2023-га МУС прызнала тэлеканал "экстрэмісцкім фармаваннем".

Агучаны прысуд па справе аб выбуху на Светлагорскім ЦКК

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі