Ахоўныя экраны для дактароў: ад валанцёраў — за 2 рублі, ад Мінздароўя — за 15
Вытворчасць ахоўных экранаў у Віцебску / belta.by
Мінздароўя расказала, на што патраціла грошы з дабрачыннага рахунку, створанага для барацьбы з каранавірусам. Адна з пазіцый у спісе — 4 тысячы ахоўных стаматалагічных экранаў за 59 300 рублёў. Гэта значыць, прыблізна па 15 рублёў за штуку.
Але ці не занадта гэта дорага для кавалка празрыстага пластыку на пластыкавым жа вобадзе? Падобныя ахоўныя шчыткі для дактароў вырабляюць і валанцёры. Наколькі адрозніваецца сабекошт іх прадукцыі ад закупачных цэн Мінздароўя?
Вельмі розныя цэны
Ахоўныя экраны для сваіх патрэб рэгулярна закупляюць Беларускія паліклінікі. На сайце дзяржзакупак ёсць шмат такіх тэндараў. Напрыклад, барысаўская бальніца траціць 200 рублёў на 25 ахоўных экранаў — адзін шчыток абыходзіцца ў 8 рублёў. Мінская паліклініка №1 закупіла 20 экранаў па 16 рублёў за кожны. Жабінкаўская бальніца — 30 шчыткоў па 10 рублёў за штуку. Дзятлаўская бальніца набыла 50 экранаў па 20 рублёў за штуку.
Да пандэміі стаматалагічныя экраны свабодна можна было набыць праз інтэрнэт. Цяпер знайсці такі шчыток не так ужо і проста. На беларускіх сайтах атрымалася знайсці ўсяго пару прапаноў. Цэны — ад 4 да 26 рублёў.
Ад двух да пяці
Мінская каманда "Хакерспэйс" за 15 дзён перадала медыкам больш за 13 тысяч ахоўных экранаў. Усё — бясплатна, але калі б хлопцам заплацілі па расцэнках, апублікаваных Мінздароўя, то яны б ужо зарабілі амаль 200 тысяч рублёў!
Распрацоўнік дызайну ахоўных экранаў расказвае Еўрарадыё, што сабекошт аднаго шчытка... каля 2 рублёў.
— У гэты кошт уваходзяць толькі матэрыял, вытворчасць, збор. Без уліку электрычнасці, арэнды, сертыфікацыі. Мы вырабляем шмат, але нядорага, таму што нашы шчыткі не разлічаны на доўгае выкарыстанне. Праз пару тыдняў яны робяцца непрыдатнымі. ПЭТ — вельмі мяккі матэрыял, лёгка драпаецца і мутнее. Таўшчыня — 0,5 міліметра.
Еўрарадыё: Стаматалагічныя ахоўныя экраны такія самыя?
— Залежыць ад матэрыялу і яго таўшчыні. Калі шчыток таўшчынёй 1,5-2 міліметры, то ён разоў у 10 будзе даўжэй служыць.
Вытворчасцю ахоўных экранаў для медыкаў занялася і каманда smARTtech. Яе ўдзельнікі друкуюць абады для іх на 3D-прынтарах, а празрысты пластык для экранаў купляюць у крамах. Сабекошт іх шчытка — 5-7 рублёў.
— Гэта без уліку падаткаў, заработнай платы, бо гэта дабрачыннасць. За ўзор бралі канструкцыю ахоўнага шчытка нашых замежных калег. Разлічаны экраны на доўгае выкарыстанне: апрацаваў — і носіш далей, — расказвае Еўрарадыё ўдзельніца каманды.
Разваліўся за хвіліну
Днямі доктарка мінскай 10-й ГКБ паскардзілася на няякасны ахоўны экран, які перадалі іх медустанове. Дзяўчына зняла на відэа, як шчыток развальваецца на часткі ад найменшага дотыку.
"Як гэта можа мяне абараніць? Мне прыйшлося паехаць і купіць сабе акуляры ў будаўнічай краме", — скардзіцца доктарка.
Адкуль паступіла такая "дапамога" — ад Мінздароўя або валанцёраў — доктарка не ведае. Каментатары звяртаюць увагу, што экран падобны на стаматалагічны, прамысловай вытворчасці. Але звычайна яны нашмат трывалейшыя: празрысты пластык надзейна ўтрымліваецца на мацаваннях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.