Акцёру памылкова пералічылі вялізны ганарар Тома Холанда з "Чалавека-павука"
"Гэта была ашаламляльная сума грошай" (ілюстрацыйнае фота)
56-гадоваму брытанскаму акцёру Тому Холандэру памылкова пералічылі вялізны ганарар Тома Холанда з "Чалавека-павука". На яго рахунку раптоўна з'явіліся "лішнія мільёны долараў". Як паведамляе "Бі-Бі-Сі", выпадковы плацёж акцёр заўважыў у антракце спектакля, у якім гуляў яго сябар. Па словах Тома Холандэра, за адзін з праектаў яму нядаўна заплацілі 30 тысяч фунтаў, і ён "сядзеў у глядзельнай зале, самаздаволена разважаючы пра тое, што гэта зусім нядрэнныя грошы ў параўнанні з ганарарамі многіх акцёраў". І тут прыходзіць ліст-апавяшчэнне аб плацяжы з пазнакай "Бонус ад касавых збораў "Мсціўцаў".
"Гэта была ашаламляльная сума грошай, — кажа акцёр. — І гэта быў не заробак [Холанда], а яго касавы бонус, і не ўвесь касавы бонус, а толькі частка. Я такіх грошай ніколі ў жыцці не бачыў. Гэта была сямізначная сума". Паводле яго слоў, "пачуццё самаздаволення тут жа знікла".
"Некаторы час мы працавалі з тымі ж агентамі, і людзі ў бухгалтэрыі заблыталіся", — выказвае здагадку Холандэр.
27-гадовы брытанскі акцёр Том Холанд сыграў у шасці эпізодах "Чалавека-павука". Том Холандэр прызнаецца, што з-за сугучнасці імя і прозвішча яго часта блытаюць з больш маладым калегам. А між тым ён зняўся ў дзясятках праектах у кіно (у тым ліку ў "Піратах Карыбскага мора") і на тэлебачанні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.