“Аксамітны сезон-2010” ― музычны фестываль з адукацыйна-спартовымі мэтамі

Міжнародны опэн-эйр “Аксамітны сезон-2010” пройдзе ў парку прыгод “Крутагор'е” 3-4 верасня. Наведвальнікі фэсту атрымаюць магчымасць не толькі пачуць прадстаўнікоў беларускай актуальнай музыкі і дыджэяў з краін Еўропы, але стаць удзельнікамі шматлікіх воркшопаў, спартыўных гульняў, школ танцаў і, безумоўна, добра адпачыць. Па словах ідэолага фестывалю, дырэктара канцэртнага агенцтва "ЮниАртПро" Змітра Шапялевіча, ідэя імпрэзы паходзіць ад еўрапейскіх фэстаў, аднак улічвае мясцовыя фішкі.

Зміцер Шапялевіч: “Ідэя ўзнікла пасля шматлікіх наведванняў еўрапейскіх, расійскіх, украінскіх фестываляў. У нашай краіне фестывальны рух падобнага плана не развіты ўвогуле. Таму захацелася зрабіць нешта добрае міжнароднага ўзроўню, але з улікам мясцовага менталітэту”.

На думку Змітра, кожны наведвальнік імпрэзы павінен вынесці з яе для сябе нешта карыснае і цікавае.

Зміцер Шапялевіч: “Мы хочам не прывязвацца толькі да музычнага складніку фэсту. Хочам зрабіць так, каб кожны чалавек, нават не вялікі аматар музыкі, знайшоў для сябе нешта цікавае ў дадзеным мерапрыемстве. Таму будзе працаваць шмат актывацый, спартыўныя гарадкі, будзе шмат навучальных праграм. То бок, чалавек апроч адпачынку можа з дадзенага мерапрыемства ўзяць масу карыснага для сябе, можа нечаму навучыцца. І па заканчэнні фестывалю ён павінен сабе сказаць: “Так, гэта было не дарэмна”.

У межах “Аксамітнага сезону” 3 верасня пройдзе фэст актуальнай музыкі “Можна”, які традыцыйна ладзіць кампанія BoPromo.

“Фестываль “Можна” заўсёды падыходзіў пад фармат опэн-эйра, ― расказаў Еўрарадыё кіраўнік BoPromo Аляксандр Багданаў (Папа Бо). ―
 І я вельмі шкадаваў, што ён адбываецца ў клубным фармаце. У нейкі момант мы вырашылі рыхтаваць оўпэн-эйр-фестываль “Можна” на наступнае лета. Але нашы партнёры "ЮниАртПро", якія збіраліся рабіць “Аксамітны сезон”, прапанавалі нам зрабіць адзін з дзён у межах нашага фэсту”.

На фестывалі будуць працаваць 2 сцэны, што па словах Багданава, дасць магчымасць выступіць вялікай колькасці каманд, пачынаючы ад Drum Ecstasy і заканчваючы, натуральна, “Серебряной свадьбой”.

Аляксандр Багданаў: “Музычны складнік будзе прыемным дапаўненнем для адпачынку. Таксама будзе не адна, а дзве асноўныя сцэны, што дазволіць нам выставіць больш каманд, паказаць больш цікавых праектаў. Будуць удзельнічаць Drum Ecstasy, The Toobes, якія раней не ўдзельнічалі, маладыя каманды кшталту MORFE ACOUSTIC BAND і не толькі”.

Нягледзячы на паўспартыўны фармат “Аксамітнага сезону”, на яго тэрыторыі можна будзе спакойна набыць піва, паснедаць-паабедаць-павячэраць, пераначаваць у адмысловым намётавым мястэчку, а таксама даехаць маршрутным таксі. Кошт квітка на гэтае “свята жыцця” вагаецца ад 30 да 70 тысяч рублёў. Набыць квіткі можна на старонцы www.tikectpro.by альбо ў касах горада.

Дарэчы, арганізатары “Аксамітнага сезону” спадзяюцца, што форум стане штогадовым.

Зміцер Шапялевіч: “Мы хочам, каб дадзены фэст быў самай яскравай кропкай, якая дапаможа захоўваць успаміны пра мінулае лета да пачатку зімы. Таму спадзяемся, што ён насамрэч стане штогадовым. І калі пойдзе ўсё добра, ёсць яшчэ задумы праводзіць зімовыя фэсты, мабыць, у больш клубным фармаце але абавязкова з цёплай музыкай”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі