Аксёнаў пра справаздачы ў КДБ: “Ніякіх пагроз ні для кога гэта не несла”
Алег Аксёнаў міжволі супрацоўнічаў з КДБ, а думаў, што з Еўрасаюзам
Актывіст з Магілёва Алег Аксёнаў, які цяпер жыве ў Польшчы, аказаўся ў цэнтры вялізнага скандалу. Тэлеканал АНТ выпусціў пра яго нібыта выкрывальны сюжэт. Там паказана, як да трэнінгу па бяспецы, што праводзіўся ў Моладзевым хабе ў Варшаве, далучыўся КДБшнік. Ён праз відэасувязь падзякаваў персанальна Аксёнаву за справаздачы, якія той цэлы год перадаваў у КДБ, мяркуючы, што працуе на Еўрасаюз — за плату дапамагае праводзіць аўдыт таго, як беларуская дыяспара размяркоўвае грошы. І хоць справаздачы выглядалі як даносы, Аксёнаў нічога не западозрыў.
Прапаганда злараднічае, актывісты хапаюцца за галаву. Падобны сюжэт ужо быў з Вольгай Кавальковай, якую “развялі” на прызнанне, што за расійскія грошы яна гатовая пайсці ў палітыку самастойна, а не ў складзе каманды Святланы Ціханоўскай.
Але хай сабе рэпутацыйныя рызыкі. Яшчэ не забыўся скандал з “Чорнай кнігай Беларусі”, у якую ўкараніўся агент КДБ. Ён атрымаў звесткі пра сотні людзей, якія думалі, што ананімна дасылаюць дадзеныя пра сілавікоў і іх злачынствы. Каманда ЧКБ пра гэта ведала — і хавала інфармацыю да шуміхі ў СМІ, адразу не папярэдзіўшы людзей, якім пагражаў пераслед у Беларусі.
— Ніякіх падпольных, таемных спісаў, як спрабуюць паказаць КДБісты, не існуе. Уся гэтая інфармацыя — яна ў адкрытым доступе. Гэта звычайны, стандартны ліст, на якім стаіць некалькі пытанняў. Асноўнае — колькасць удзельнікаў, другое — фінансаванне па пунктах, што на што выдаткоўвалася. Фактычна, па ўсіх гэтых пунктах я пісаў, што звестак не маю, і я сапраўды не меў ніякіх звестак пра гэта і не спрабаваў іх здабыць, не прыкладаў намаганняў. Колькасць удзельнікаў — заяўлена столькі, пацверджана столькі, — кажа Алег Аксёнаў.
Усяго было складзена пяць справаздач, кажа актывіст. Што да спісаў удзельнікаў з пералікам усіх па прозвішчах, то Аксёнаў пераконвае, што іх не існавала. Бо мерапрыемствы былі адкрытыя, анансаваліся і асвятляліся ў медыя. Напрыклад, сумесная прэс-канферэнцыя з удзелам Зянона Пазняка і палка Каліноўскага.
— Якія спісы і хто там хаваўся на прэс-канферэнцыі? Яны ўсе сядзелі за сталом, гэта была прэс-канферэнцыя. Уся гэтая інфармацыя была ў прэсе раней, чым я дасылаў гэтыя справаздачы. Калі праз тыдзень, калі праз паўтара. Ніякіх праблем, ніякіх пагроз ні для кога гэта не несла. Усе тыя людзі, якія праз гэты спіс прайшлі, ужо адтэлефанаваліся, ніхто ніякіх прэтэнзій не мае, ва ўсялякім выпадку, на сённяшні дзень, — тлумачыць Алег Аксёнаў.
Сцверджанне прапаганды пра тое, што актывіст рабіў таксама дыктафонныя запісы сустрэч, Алег Аксёнаў абвяргае і называе хлуснёй. Пазней ён збіраецца публічна даць тлумачэнні па гэтай сітуацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.