Фракцыю КР "Еўрапейскі выбар" працягваюць сатрасаць скандалы

Са спісу выключылі Аляксандру Мамаеву

Са спісу выключылі Аляксандру Мамаеву / LookByMedia

Са спісу фракцыі Каардынацыйнага савету "Еўрапейскі выбар" выключылі Аляксандру Мамаеву. Фракцыя вынесла ёй вотум недаверу "ў сувязі з абгрунтаванымі асцярогамі ў інтарэсах бяспекі".

Мамаева была кіраўніцай міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады трэцяга склікання і з'яўляецца актывісткай беларускай дыяспары ў Славеніі.

Напярэдадні пасля скандалу "Еўрапейскі выбар" самастойна пакінула палітолагіня Аліна Харысава. У кастрычніку 2025 года яна запісала відэапаведамленне, паверыўшы фальшываму агенту Службы бяспекі Украіны, і заявіла, што гатовая супрацоўнічаць. Аднак ён аказаўся супрацоўнікам КДБ.

"Еўрапейскі выбар" на мінулых выбарах у Каардынацыйную раду заняў другое месца, атрымаўшы 11 мандатаў.

Гісторыя спробаў вярбоўкі

Аляксандра Мамаева ў інтэрв’ю "Вясне" ў лістападзе 2025 года расказвала пра спробы вярбоўкі з боку супрацоўнікаў КДБ, у тым ліку праз імітацыю арэнды яхты.

Паводле слоў Мамаевай, у верасні 2024 года мужчына, які прадставіўся Кірылам і назваўся беларусам з Мюнхена, напісаў ёй у Facebook пад выглядам кліента, што хацеў арандаваць яхту.

Ён спаслаўся на знаёмага з дыяспары, замовіў аднадзённую паездку, аднак у выніку адмовіўся ад тура. Паралельна Кірыл распытваў пра жыццё беларускай дыяспары ў Германіі і Славеніі і прасіў доступ да дыяспарных чатаў.

Калегі палічылі ягоны акаўнт падазроным: ён быў створаны пасля 2020 года, а ў мюнхенскай дыяспары яго ніхто не ведаў. Пазней суразмоўца пачаў тэлефанаваць, пералічваць імёны публічных актывістаў і пагражаць сваякам, якія засталіся ў Беларусі.

"Як толькі я гэта пачула і зразумела, з кім размаўляю, я спыніла размову", — кажа Мамаева.

Пра гэты інцыдэнт яна паведаміла калегам па Каардынацыйнай радзе, Народных амбасадах і актывістам дэмакратычнага руху, якія займаюцца пытаннямі бяспекі.

Першыя прапановы аб супрацоўніцтве ад супрацоўнікаў КДБ паступалі Мамаевай яшчэ ў 2021 годзе — з абяцаннямі вырашыць «усе праблемы» і забяспечыць бяспечнае вяртанне на радзіму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.