Akute: Калі ты пакутуеш, то мы ўсё зрабілі правільна

Akute: Калі ты пакутуеш, то мы ўсё зрабілі правільна

Магілёўскі гурт Akute завітаў у студыю Еўрарадыё ў невялічкім перапынку паміж беларускімі выступамі і гастролямі па Украіне. Упершыню разам з Раманам Жыгаравым ды Стасам Мытнікам у нашай студыі знаходзіцца і новая бубначка гурта Вікі Фэйтс. Падчас размовы музыкі выконваюць акустычную версію нядаўна прэзентаванай песні “O Boza Мoj” ды трэк “Калі б я застаўся з табой”, які дагэтуль нідзе ніколі не гучаў і прысвечаны “украінскім сябрам музыкаў, якія змагаюцца за сваю свабоду”. Пытанні ж, якія гучаць падчас размовы, даслалі ў рэдакцыю прыхільнікі гурта.

Андрэй Марозаў: Кожны з удзельнiкаў гурта павiнен хутка адказаць на пытанне: каханне цi смерць?

Стас Мытнік: Смерць!

Раман Жыгараў: Смерць!

Вікі Фэйтс: Каханне!

Еўрарадыё: А цяпер патлумачце!

Стас Мытнік: Ну, мне вельмі падабаецца японскае выказванне, ці светапогляд, які падзяляе прыгажосць радасці і прыгажосць смутку. Дык вось, прыгажосць смутку больш глыбокая, больш вечная, чым прыгажосць радасці. Хто памятае пра безліч шчаслівых людзей, якія шчасліва пражылі ўсё жыццё і памерлі ў адзін дзень? А вось прыгажосць смерці значна больш даўгавечная, пра яе доўга памятаюць. І я цалкам згодны з гэтым.

Раман Жыгараў: Я ўсё жыццё займаюся музыкай і ў мяне папросту няма іншай тэмы, пра якую спяваць. І тое, што сказаў Станіслаў Андрэевіч (смяюцца), ён меў на ўвазе, што ўсіх людзей аднолькава турбуе страх смерці, ці невядомасць, якую яна нясе. Таму гэтая тэма будзе заўсёды мець пэўны водгук у чалавечай душы.

Вікі Фэйтс: Натуральна, мне падабаюцца гэтыя думкі і ідэі, але я больш аптымістычна стаўлюся да жыцця. Лічу, што каханне — тое, што рухае людзьмі. Гэты гучны выраз мае сэнс. Тое, што ты робіш штодзень, мусіць быць у радасць і мусіць быць прасякнутае любоўю. Таму, смерць непазбежная, але пакуль я жыву, я хачу думаць пра каханне, а не пра смерць.

Наста Марозава: Раман, а ты глядзіш Свінку Пэпу?

Раман Жыгараў: Не! Я глядзеў серыял “Нарка”. Ну і яшчэ некаторыя сумныя серыяльчыкі гляджу. Быў яшчэ нейкі проста бамбезны серыял пра балет… Называўся ён “Flash & Bone”. Раю ўсім!

Еўрарадыё: Калі ўжо закранулі гэтую тэму, то пытанне да ўсіх: ці глядзіце вы серыялы і што можаце параіць?

Стас Мытнік: Так! Класны шведска-дацкі серыял “Мост” — вельмі доўгі і вельмі цікавы, нягледзячы, што доўгі. Там тры сезоны і тры розныя закручаныя забойствы. Вельмі цікавыя павароты сюжэту, таму, магу параіць.

Вікі Фэйтс: А я цяпер банальна рыхтуюся да дзясятага сезона “Сакрэтных матэрыялаў”, таму пераглядаю папярэднія. Вось ужо восьмы гляджу. Трэба неяк паспець, бо ён ужо выйдзе ў студзені (смяецца).

Стас Мытнік: А мы тут у тур з’язджаем і ўвесь графік збіваецца (смяюцца).

Вікі Фэйтс: Я бяру з сабой ноўтбук, так што, буду глядзець.

 

Ужо нічога немагчыма зрабіць, каб ва ўсім свеце панавалі каханне ды гармонія

wwwvova: Ваша парада, што трэба зрабіць, каб у ва ўсім свеце панавалі каханне ды гармонія?

Вікі Фэйтс: Думаю, што дастаткова проста не думаць толькі пра сябе.

Раман Жыгараў: А я думаю, што ўжо нічога немагчыма зрабіць!

Вікі Фэйтс: Завеса! (смяюцца)

Андрусь Закаханы: Ці ёсць у вас хатнія жывёлы?

Стас Мытнік: У Вікі катоў на ўсіх хопіць!

Раман Жыгараў: То бок Алесь Лютыч і каты (смяюцца)!

Вікі Фэйтс: Так! У мяне шмат катоў дома. Яны прыходзяць-сыходзяць. То бок у мяне тры стацыянарныя коткі і яшчэ бываюць усялякія пасажыры на ператрымцы.

Стас Мытнік: А ў мяне раней быў сабака. Цяпер хачу зноў завесці. Менавіта чао-чао.

Еўрарадыё: Кажуць, што гаспадары падобныя да сваіх жывёл, але ты, мне падаецца, не вельмі падобны да чао-чао!

Раман Жыгараў: Вельмі падобныя! Ты проста не ўяўляеш!

Стас Мытнік: Падобныя.

Раман Жыгараў: У мяне была котка, яна памерла і, я думаю, цяпер яна ў сваім кашачым раі лётае, весяліцца і пачувае сябе значна лепей, чым ўсе мы тут!

Sunny Lewas: З якімі літаратурнымі героямі вы сябе асацыюеце?

Вікі Фэйтс: Увогуле няма ідэй!

Стас Мытнік: Я не варты ніводнага літаратурнага героя (усміхаецца). Вось Эраст Фандорын мяне захапляе. Колькі ў яго розных цікавых неардынарных думак… Хацеў бы быць на яго падобным.

Sunny Lewas: Уменне, якім бы вам хацелася валодаць?

Раман Жыгараў: Я б хацеў навучыцца граць на гітары!

Еўрарадыё: Каб не на бас-гітары, а на нармальнай?

Раман Жыгараў: І на бас-гітары таксама. Перакананы, што можна і лепей.

Стас Мытнік: Я б хацеў навучыцца спакойна рэагаваць на пэўныя рэчы. Для мяне гэта звышуменне.

Вікі Фэйтс: А я б, напэўна, хацела ўмець спыняць час, каб паспець зрабіць усё, што я не паспяваю, бо 24 гадзін мне часта не хапае.

Паварот да электронiкi у новым альбоме — гэта спроба "прымаднiцца"

Івана: Распавядзіце, калі ласка, гісторыю напісання песні "O Boža Moj", што стала натхненнем для яе?

Раман Жыгараў: Натхненнем менавіта для гэтай песні стала тое, што мы знайшлі, што драм-машынку можна запускаць з "андроіда". На рэпетыцыях сталі падлучаць тэлефон да асноўнага пульта. І вось праз гэта вынаходніцтва нарадзілася песня. Тэкст з’явіўся ўжо пасля музыкі. Ён пра размову з Богам, як з роўным чалавекам, ці нейкім сябрам.

anja-jambeeboom: Паварот да электронiкi ў новым альбоме — гэта эксперымент цi спроба "прымаднiцца", каб пашырыць сваю аўдыторыю? Што вас на гэта падштурхнула?

Стас Мытнік: Адказ відавочны! Прымадніцца! Натуральна ж! Мы хацелі гэтага яшчэ з першага альбома. Нават, калі мы пісалі дэмкі для першага альбома, яны ўсе былі пад драм-машынку. І з тых часоў нас не пакідае думка, што яе можна неяк выкарыстаць у нашай музыцы.

Еўрарадыё: Дарэчы, чацвёрты ўдзельнік у вас усё ж такі з’явіцца?

Раман Жыгараў: Дык а ён ужо ёсць, як студыйны музыка.

Стас Мытнік: А наконт канцэртаў — паглядзім. Пакуль пра гэта рана казаць.

Еўрарадыё: І яшчэ адно, дарэчы: раней на розных мерчавых штуках Akute былі толькі два чалавекі, цяпер вы ўжо з’яўляецеся на тых жа магніціках ўтраіх. Можна сказаць, што цяпер вы перакананыя ў непарушнасці свайго складу?

Раман Жыгараў: Па-першае, знайшлі! Па-другое, гэта была тэхнічная недарэчнасць. На той час, калі нам трэба было друкаваць усе гэтыя магніцікі, у нас былі фоткі толькі ўдваіх. Таму так і атрымалася.

 

У нас ужо ёсць адна задума для наступнага альбома на песню ў стылі драм-н-бас.

Івана: Калі новы альбом будзе больш электронным, то ці будзеце вы для канцэртаў змяняць аранжыроўкі вашых старых песень?

Стас Мытнік: Напэўна, не. Пакуль для гэтага няма перадумоў. Мы настроеныя на новыя песні, а не на тое, каб перарабляць аранжыроўкі старых.

Вольга Жук: Hurts, Coldplay, Tikio hotel згубілі свой стыль, калі пачалі падобныя эксперыменты. Вас гэта не пужае?

Раман Жыгараў: Хто сказаў, што згубілі?

Еўрарадыё: Вольга Жук.

Раман Жыгараў: Ну, значыць, капец (смяюцца)!

Стас Мытнік: Але гэта ж не значыць, што не трэба спрабаваць!

Вікі Фэйтс: Жывы канцэрт мусіць быць жывым. Гурты, якія на запісе гучаць прылізана і роўна, часта на канцэртах гучаць вельмі жыва. І гэта класна. Усё што дадаецца электроннага (розныя гукі, драм-машыны), мусіць узбагачаць. Гэта невялічкае новае вымярэнне, якое будзе рабіць музыку цікавейшай і багацейшай. Такога, што яно будзе рабіць гучанне малаэмацыйным і сухім, у любым выпадку не будзе.

Еўрарадыё: То бок цябе, як бубначку, гэта не крыўдзіць…

Вікі Фэйтс: Мне гэта падабаецца! Мне самой вельмі цікавыя ўсе гэтыя эксперыменты. Цяпер так робяць многія гурты, і гэта класна гучыць, калі да гэтага правільна падысці.

Вольга Жук: Ці варта чакаць, што Akute зробяць песню ў стылі дабстэп ці драм-н-бас?

Раман Жыгараў: Ужо ёсць адна задума. Не дабстэп, а больш драм-н-бас. Рыхтуем яе да новага, чацвёртага альбома.

Івана: Назавіце вашы любімыя электронныя праекты!

Раман Жыгараў: Нямецкі Apparat.

Стас Мытнік: Нешта я разгубіўся. Спрабую ўзгадаць свой плэй-ліст.

Вікі Фэйтс: Гэта ўсё так эпізадычна слухаецца. Каб альбомамі, дык і не. Там нешта спадабалася, там нешта спадабалася.

Раман Жыгараў: Я дык слухаю ў асноўным толькі электронную музыку. Ну, ўсе старыя музыкі кшталту Aphex Twin. А з апошняга найбольш цікавым падаецца Apparat.

 

Калі ты пакутуеш, то мы ўсё зрабілі правільна

Ігар Кудло: Часта слухаю вашу музыку, калi мне сумна, i музычныя творы быццам адлюстроўваюць мой унутраны стан у гэты час, такое, ведаеце, "сумнае натхненнне" для думак. I вось яшчэ ўчора мы слухалi разам з маёй дзяўчынай "Шчасце", а ўжо сёння я слухаю "Сцены", якiя будуць расцi... Як Вы лiчыце, чаму людзi любяць сумаваць, паглыбляцца да самага дна сваiх разважанняў? Калi на нашым твары няма ўсмешкi, мы не iмкнемся падняць свой настрой, а яшчэ больш "заганяемся". Чаму?

Вікі Фэйтс: Бо ў людзей ёсць такая пэўная любоў да пакутаў і гэтага немагчыма пазбегнуць.

Стас Мытнік: Такі мазахізм свайго роду.

Раман Жыгараў: Я б у якасці прыкладу прывёў гурт Rammstein. Колькі людзей ён збірае, а спяваюць пра тое, як будуць іх лупіць. Бо людзі жадаюць, каб іх лупілі. Таму, Ігар, калі ты пакутуеш, то мы ўсё зрабілі правільна (смяюцца)!

Дар'я Хмылова: З’явіўся новы трэнд сярод творчых людзей: натхняцца, п’ючы які-небудзь напой. Што вас натхняе больш: кава ці гарбата?

Раман Жыгараў: Гарбата.

Вікі Фэйтс: Гарбата, дакладна.

Стас Мытнік: Мяне, напэўна, кава.

Еўрарадыё: А, м..!?

Стас Мытнік: Не! (смяюцца)!

Пасля першай рэпетыцыі з Вікі мы зразумелі, што ў нашым гурце ўмее граць толькі адзін чалавек

 

Павел Урбановіч: Пытанне даволі простае. І ў асноўным да Вікі. Ці не ўзнікае час ад часу жадання прыўнесці ў песні Akute трошачкі мінулага — найсмачнейшага death metal з сесійных запісаў з рознымі музыкамі? І ці не здараецца час ад часу ў гурта думак з-за з'яўлення двух новых абсалютна рознастылёвых музыкаў зрабіць нейкі нетыповы запіс для Akute, дзе б лепшыя якасці новых удзельнікаў маглі раскрыцца цалкам?

Вікі Фэйтс: Я пакуль месцаў для бласт-бітаў яшчэ не знайшла, але прыглядаюся (смяецца). Рома мне паказваў нейкія запісы, якія гучалі вельмі металёва. Маўляў, у нас было, мы дачакаліся цябе, давай рабіць. Насамрэч, жадання прыўносіць нешта цяжкае няма. Гэта зусім іншая музыка, іншыя думкі, ідэі… А куды яно потым павернецца, ніхто ж не ведае, магчыма, нешта і будзе.

Раман Жыгараў: Гэта ўсё адносна: якая музыка цяжкая, якая больш лайтовая. Можа, гэтыя бласт-біты і ў нашы песні можна недзе ўставіць. Карацей, ніхто ж не ведае, што будзе далей. Мы ж прыходзім на рэпетыцыю і самі не ведаем, што там будзе.

Стас Мытнік: І хто там будзе (смяюцца).

Еўрарадыё: Дарэчы, а як вы рэпетуеце? Віка ў Мінску, вы — у Магілёве…

Вікі Фэйтс: Раз на два тыдні я езджу ў Магілёў, часам хлопцы ў Мінск прыязджаюць.

Стас Мытнік: Але гэта толькі цяпер такая сітуацыя. Стары матэрыял ужо даўно адрэпетаваны і часта яго праганяць сэнсу няма. Але новым матэрыялам заняцца ўтраіх паўнавартасна не атрымліваецца праз канцэртную занятасць, бо мы не можам выйсці на пастаянныя рэпетыцыі. У нас быў тур па Беларусі, цяпер тур па Украіне. А паралельна з гэтым мы пачынаем рабіць новы матэрыял. Таму, скончыцца тур і мы пачнём актыўна рэпетаваць. Таму, Вікі, рыхтуйся, гэта будзе не раз на два тыдні. Але тым не менш, нават, калі мы рэпетуем раз на два тыдні, то гэта вялікая, чатырохгадзінная рэпетыцыя, а то і даўжэй.

Еўрарадыё: Пераязджаць у Мінск не плануеце?

Стас Мытнік: Пакуль няма такой неабходнасці.

Еўрарадыё: А падчас гастроляў не ўзнікаюць нейкія бытавыя пытанні з-за таго, цяпер з’явілася дзяўчына ў гурце?

Вікі Фэйтс: Я ўсё жыццё сярод хлопцаў у гуртах граю, таму ўсё вельмі проста.

Еўрарадыё: А на рэпетыцыях? Узнікаюць жа спрэчкі, недзе моцнае слова трапляецца, а тут дзяўчына. Даводзіцца стрымлівацца?

Раман Жыгараў: Нядрэнна было б, каб нейкае добрае слова траплялася пасярод моцных.

Стас Мытнік: Справа ў тым, што Вікі прыехала на першую рэпетыцыю, калі мы толькі пачалі разам граць, разабрала дома дваццаць з лішнім песень, і ў выніку сыграла іх лепш за нас. Таму мне, шчыра кажучы, у пэўны момант было проста сорамна. Пасля чаго мы сказалі, што ў нашым гурце ўмее граць толькі адзін чалавек.

 

Мы беларускі гурт, таму будзем граць у Беларусі нягледзячы на невялікія зборы

Еўрарадыё: Дзе вы ўжо былі ў межах беларускага тура і якое ўражанне ад рэгіянальных канцэртаў?

Раман Жыгараў: Былі ў Брэсце, Магілёве, выдатны быў канцэрт у Бабруйску, найвыдатнейшы быў канцэрт у Полацку (дарэчы, упершыню мы там былі, дагэтуль толькі ў Наваполацк ганялі), мінскі канцэрт, а далей Львоў ды дзевяць украінскіх гарадоў.

Еўрарадыё: Нашы арганізатары апошнім часам часта наракаюць на адсутнасць публікі, малую актыўнасць нават у Мінску, а пра рэгіёны і казаць няма чаго. Што вы скажаце?

Стас Мытнік: Трэба разумець, што прыёмы ў арганізацыі канцэртаў, якія працуюць у Мінску, ва ўсялякім выпадку мне так падаецца, не будуць працаваць у невялікіх гарадах. Трэба неяк падладжвацца пад магчымасці месца, колькасць наведвальнікаў і гэтак далей.

Раман Жыгараў: Трэба разумець, куды ты едзеш. Дакладна ты не збярэш у Бабруйску пяць тысяч чалавек, там, можа, столькі моладзі і няма. Трэба разумець, што мясцовы арганізатар можа і не выканаць некаторыя патрабаванні твайго райдара. Не трэба думаць пра сябе, як пра нешта вялікае… Няма такога варыянту, не ехаць! Абавязкова трэба ехаць і граць! У першую чаргу, мы беларускі гурт, таму, мы будзем граць у Беларусі нягледзячы на невялікія зборы, нягледзячы ні на што. Усё дасягаецца выключна руплівай працай і мы не складаем рук.

Андрусь Лета: Калі ўжо зробіце канцэртны DVD?

Стас Мытнік: Мы ўжо пачалі. Вось, здымаем гэты беларускі тур.

Еўрарадыё: Але здымаеце самі, без спецыялістаў?

Стас Мытнік: Па Беларусі з намі ездзіў чалавек з нармальным абсталяваннем, які гэта ўмее рабіць. Але ва Украіну ў нас не атрымліваецца яго ўзяць. Таму Вікі будзе здымаць на Go Pro.

Андрусь Лета: Раман, Стас, Вika, пра што вы марыце?

Раман Жыгараў: Я PlayStation хацеў… (смяюцца)

Вікі Фэйтс: Трэба не марыць, а рабіць! Сядзець проста і думаць пра нешта…

Стас Мытнік: А я гітару хачу…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі