Akute пачалі запіс новага альбома з драм-машынай
Магілёўскі гурт Akute пачаў запіс чацвёртага студыйніка, які атрымаў назву “Усё павернецца”. Ужо амаль гатовы трэк пад назвай “О Божа мой” з будучага дыска. Гэтай восенню яго плануюць прэзентаваць у інтэрнэце ў якасці першага сінгла з альбома.
“Мы цяпер шмат эксперыментуем з драм-машынкай, — распавядае басіст гурта Раман Жыгараў. — І гэты трэк стане вынікам нашага эксперымента. Што ж тычыцца агульнага гучання альбома, то драм-машынка дакладна будзе адрозніваць яго ад папярэдніх дыскаў. Але мы не можам не сказаць і пра тое, што цяпер працуем з Вікай Фэйтс. Яна вельмі моцная бубначка, таму ў нас змяніўся падыход да напісання песень і само гучанне гурта”.
Цяпер музыкі выконваюць на канцэртах тры трэкі з альбома: уласна “О Божа мой”, загалоўны “Усё павернецца” і “Яшчэ адзін шпіталь”. Астатнія сем запланаваных песень пакуль ніколі на публіцы не выконваліся і да прэзентацыі дыска, верагодна, не будуць. Выдаць новы альбом музыкі плануюць наступнай восенню, каб з ім распачынаць новы музычны сезон.