Akute выступяць на фестывалі новага этна

Магілёўскі гурт Akute вырашыў выступіць на фестывалі новага этна “Вольнае паветра”, які пройдзе 24 жніўня на хутары "Шаблі".


“Калі даведаліся пра пажар на хутары, натуральна, мы пажадалі неяк падтрымаць і дапамагчы Уладзіміру Шаблінскаму, — тлумачыць рашэнне выступіць на “нефарматным” для сябе мерапрыемстве вакаліст гурта Стас Мытнік. — Akute не раз выступаў на фэстах у Шаблі, нам вельмі падабаецца гэтае месца, таму і вырашылі выступіць на бліжэйшым мерапрыемстве. Нам будзе вельмі прыемна, калі мы неяк паспрыяем аднаўленню хутара”.


Цяпер музыкі актыўна працуюць над новай адмысловай праграмай, якая будзе больш адаптаваная пад кантэкст фэсту.


“Сам фэст тэматычны, адпаведна, мы падрыхтуем для яго акустычную праграму, але незвычайную акустычную праграму, са сваімі нюансамі, — распавядае Стас. — Тым больш, апошнюю акустыку мы гралі недзе год таму. Гэтым разам дададуцца новыя песні і некалькі трэкаў з намі дуэтам выканае адзін афігенны госць”.


Нагадаем, хэдлайнерам сёлятняга вольнага паветра стане нямецкі гурт Feindrehstar, таксама выступяць расіяне Theodor Bastard, барацка-мангольскі гурт Namgar, беларуска-курдскі калектыў Awindar, а таксама гурты Kriwi ды Re1ikt.


Пакуль квіткі на фестываль можна набыць за 160 тысяч рублёў, але ў дзень мерапрыемства кошт вырасце да 200 тысяч.


Даведкі па тэлефоне +375(29)1408000

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі