Аліна Талай перамагла на чэмпіянаце Еўропы (фота, відэа)
Адна з самых патрыятычных беларускіх спартсменак ўсталявала нацыянальны рэкорд у бегу з бар’ерамі на 60 метраў
Напрыканцы дня ў пятніцу 6 сакавіка Аліна Талай упэўнена ўхапіла залаты медаль чэмпіяната Еўропы, які праходзіць у Празе. Беларуска пабіла нацыянальны рэкорд 1990 года, з вынікам 7,85 секунд.
Нагадаем, што Аліна з’яўляецца адной з самых патрыятычных беларускіх спартсменак, часта ўдзельнічае ў праектах па раскрутцы беларускай мовы.
На чэмпіянаце Еўропы Аліна сутыкнулася са складанасцямі. Час кваліфікацыі і фіналу вызначылі такім чынам, што гэта не вельмі пасавала яе біялагічнаму гадзінніку.
“Ужо перад фіналам я разумела, што яшчэ трошкі і энергія пачне згасаць, таму пастаралася максімальна сабрацца і годна прадставіць сябе і сваю краіну”, — выказалася лёгкаатлетка пасля старту для сайта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і ўсіх сваіх фанатаў.
“Пасля гэтага старту планую тыдзень адпачыць, а потым зноў трэніроўкі. Буду рыхтавацца да чэмпіянату свету”, — паведамляе Аліна пра свае планы Еўрарадыё.
“Можа, у Празе з вамі здарылася нешта цікавае, пра што не ведаюць СМІ?”
Аліна Талай: “Самае цікавае для мяне здарыцца сёння ўвечары (7 сакавіка — Еўрарадыё), калі адбудзецца ўзнагароджванне”.
Да гэтага залатога старту Аліна рыхтавалася разам з аўстрыйскім трэнерам Філіпам Унфрыдам. Пасля перамогі спецыяліст выставіў у сацыяльныя сеткі фотаздымак разам з новай чэмпіёнкай Еўропы і падпісаў яго “Цудоўная праца, Аліна!! 7,85”.
Талай ужо была чэмпіёнкай Еўропы ў памяшканнях і перад пачаткам зімняга сезону намякала, што імкнецца да медалёў на самых прэстыжных стартах.
Фіналы ў асноўных дысцыплінах пражскага чэмпіянату пройдуць 7 і 8 сакавіка. Трэнерскі штаб беларусаў спадзяецца на кідальныя дысцыпліны, скокі ўдаўжыню і бег на доўгія дыстанцыі.