Аляксандр Глеб: Калі Каталонія аддзеліцца, то гэта будзе прэцэдэнт для астатніх

Аляксандр Глеб: Калі Каталонія аддзеліцца, то гэта будзе прэцэдэнт для астатніх

У Каталоніі прайшоў рэферэндум, на якім вырашалася пытанне аддзялення рэгіёна ад Іспаніі. Паводле яго выніку, за незалежнасць выказаліся 90%, але ўдзел у галасаванні ўзялі крыху больш за 42% выбарцаў. Правядзенню рэферэндуму супрацьдзейнічала іспанская паліцыя, у сутыкненнях з якой пацярпела больш за 800 чалавек. Еўрарадыё папрасіла пракаментаваць гэтыя падзеі беларускага футбаліста Аляксандра Глеба, які ў 2008 годзе выступаў за клуб “Барселона”.

Еўрарадыё: Ці адчувалася неабходнасць у незалежнасці Каталоніі, калі вы выступалі за “Барселону”?

Аляксандр Глеб: Я так сур’ёзна не ўдаваўся ў гэтае пытанне. Але тое, што яны заўсёды казалі пра тое, што жадаюць аддзяліцца ад Іспаніі, гэта было. І я так разумею, што так было і тады, і сёння. Але я не разумею, з чым гэта звязана. Можа, з нечым фінансавым, можа, яшчэ як, я не разумею. 

Еўрарадыё: Былі такія плёткі, што вас прымушалі вывучыць менавіта каталонскую мову, і пакуль вы гэта не зробіце, вас нібы і на поле не выпусцяць…

Александр Глеб: Ну, не! Мяне прасілі вывучыць іспанскую, каб я мог нармальна камунікаваць на полі і ў жыцці. А каталонскую — не. Нехта там сапраўды размаўляе па-каталонску, але мне падаецца, што большасць усё ж на іспанскай.

Еўрарадыё: А адчувалася нейкая непрыязнасць паміж каталонцамі і іспанцамі?

 Александр Глеб: Я б не сказаў. Тое што тычыцца футбольных фанатаў, то сапраўды, барселонскія фанаты ненавідзелі мадрыдскіх і, хутчэй за ўсё, мадрыдскія барселонскіх. Неяк так.

Еўрарадыё: Я якое ваша стаўленне да таго, што адбываецца цяпер?

Александр Глеб: Складана сказаць. Я супраць гвалту, і таму хацелася б, каб гэта вырашалася мірна, без крыві. Але вы ж разумееце, што калі Каталонія адасобіцца, то гэта будзе прэцэдэнт для ўсіх астатніх. І гаворка не толькі пра Іспанію, але і пра ўвесь свет. Калі гэта здарыцца з Каталоніяй, то і іншыя зразумеюць, што гэта магчыма. 

Еўрарадыё: А як вы ставіцеся да таго, што спартоўцы адкрыта выступалі за незалежнасць Каталоніі? Ці гэта ўвогуле нармальна, што спорт выходзіць у палітыку?

Александр Глеб: Я вам нават больш скажу: спорт ужо даўно палітыка. Паглядзіце на апошнюю Алімпіяду. Калі расійскіх спартоўцаў пазбаўлялі права выступаць. Хоць тыя ж амерыканцы ўсе сядзяць на допінгах і выйграюць. Таму спорт — гэта даўно палітыка. І, на жаль, спорт ужо немагчыма аддзяліць ад палітыкі. Яна ўжо так прымяшалася ў спорт, што… Натуральна, што гэта кепска. Нармальна, калі спорт па-за палітыкай. Але не мы ж гэта распачалі. Не ведаю, колькі гадоў ужо палітыка ўплывае на спорт і прыняцце ўсіх рашэнняў. Немагчыма, каб было так, што нейкая краіна жадала жыць сваім жыццём, а на яе ціснулі праз спорт. Узгадаць тыя ж заклікі байкатаваць чэмпіянат свету ў Расіі. Гэта трызненне, але яно ёсць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі