Аляксандр Кулінковіч: Заўсёды прыемна займацца дабрачыннасцю

Грамадзска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, дабрачынны фонд “Добра тут” і гурт IQ48 22 красавіка ў мінскім “Рэактары” ладзяць дабрачынны канцэрт “Добры фэст”.

Па словах Ніны Шыдлоўскай – каардынатаркі кампаніі “Будзьма беларусамі!”, “Добры фэст” дасць магчымасць прыхільнікам беларускага року не толькі добра адпачыць, але і задумацца над праблемамі хворых дзяцей з дзіцячага дому ў Чэрвені:

Ніна Шыдлоўская:
“Прыйшоўшы на канцэрт вядомых гуртоў ёсць магчымасць атрымаць задавальненне ад высокаякаснай і музыкі, і пастаноўкі, і ў той жа час дапамагчы нават не камусьці абстрактнаму, а вельмі канктэтна – хворым дзецям дома-інтэрната ў горадзе Чэрвені”.

У канцэрце возьмуць удзел гурты IQ48, Нейра Дзюбель, B:N, ZM99 і Алег Хаменка. Паводле Аляксандра Кулінковіча, дапамагаць людзям з дапамогай музыкі – гэта сапраўднае шчасце:

Аляксандр Кулінковіч: “Заўсёды вельмі прыемна займацца дабрачыннасцю. Асабліва, калі фінансавыя магчымасці не дазваляюць, то бок ты не Беразоўскі. Але можна ўзяць удзел і некаму дапамагчы, займаючыся тым, што табе падабаецца. Мы – музыкі, нам падабаецца граць музыку, нам падабаецца быць на сцэне. Калі з дапамогай гэтага мы яшчэ некаму зможам дапамагчы, то гэта проста цудоўна! Гэта сапраўднае шчасце”.

Па словах Аляксандра, гурт “Нейра Дзюбель” прадставіць публіцы сваю звычайную праграму ў больш лагодным гучанні.

Ініцыятары “Добрага фэсту” – “здаровыя лосі” IQ48 парадуюць сваіх прыхільнікаў сюрпрызамі і прэзентацыяй новага інтэрнэт-сінглу:

Яўген Бузоўскі: “Вясёлая праграма будзе. Таксама будзем прэзентаваць песні, якія нядаўна выйшлі на інтэрнэт-сінгле. І заспяваем яшчэ колькі новых вясёлых песень”.

Гурт B:N адмысловай праграмы для свайго выступу не падрыхтаваў, маўляў, трэба раскручваць песні з будучага альбома:

Алесь Лютыч: “B:N выканае як заўжды некалькі новых песень, а таксама знаўмыя ўсім хіты.  Зараз мы рыхтуем новы альбом, таму намагаемся выконваць новы матэрыял”.

Прадстаўнікоў чэрвеньскага дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцю псіхафізічнага развіцця, на жаль, на “Добрым фэсце”не будзе: будні дзень, вячэрні час і няблізкая дарога. Аднак, на думку дырэктара дому-інтэрната Аляксандра Давыдзенкі, такіх акцый трэба рабіць як мага больш:

Аляксандр Давыдзенка: “Акцыя гэтая вельмі добрая. Больш бы такіх акцый не толькі для нашага дому-інтэрнату, але і для ўсіх дамоў-інтэрнатаў. Вельмі цяжка, калі дзеці застаюцца адны без бацькоў, тым больш дзеці-інваліды”.

Дарэчы, падчас канцэрту наведвальнікі таксама атрымаюць магчымасць паглядзець фотаздымкі беларускіх рок-зорак аўтарства Аляксандра Ждановіча(Tarantino), якія прадстаўлены ў рамках фотавыставы “Адваротны бок зорак”.  На сайце Tarantino.by да 22 красавіка можна набыць фота беларускіх рокераў. Грошы, атрыманыя ад продажу, пойдуць на патрэбы Гарадзішчанскага дому-інтэрната для дзяцей і моладзі з парушэннем псіхафізічнага развіцця.

Фота: www.tv21.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі