Аляксандр Мілінкевіч зарэгістраваў "Вольны ўніверсітэт"
Экс-кіраўнік руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч зарэгістраваў у Варшаве "Вольны ўніверсітэт".
У інтэрв'ю "Беларускаму партызану" Мілінкевіч распавёў, што спярша зарэгістраваў фонд "Вольны беларускі ўніверсітэт", які і займаўся падрыхтоўкай працы навучальнай установы.
"Мы хацелі зарэгістраваць універсітэт менавіта на тэрыторыі Еўрасаюза", — прызнаецца Мілінкевіч. Па яго словах, у Беларусі трэба было б атрымліваць ліцэнзію Мінадукацыі і падпарадкоўваць навучанне міністэрскім праграмам. "А ў нас увесь сэнс у тым, каб можна было атрымаць самыя сучасныя еўрапейскія веды. Мы хочам ісці ў нагу са светам", — тлумачыць ён.
У новым універсітэце прадугледжаная выдача сертыфікатаў і дыпломаў еўрапейскага ўзору. Таксама там будзе адукацыя "выключна для атрымання кампетэнцый", адзначае Мілінкевіч.
"Хоць мы і зарэгістраваныя як "Вольны беларускі ўніверсітэт", насамрэч гэта не зусім універсітэт. Гэта, хутчэй, такі аператар, які будзе дапамагаць еўрапейскім універсітэтам выйсці на беларускі навучальны рынак, і навучэнцы змогуць паспрабаваць атрымаць еўрапейскія веды праз інтэрнэт. І дыпломы павінен выдаваць, вядома, не фонд, а менавіта добры еўрапейскі ўніверсітэт", — кажа ён.
Навучанне плануецца весці на беларускай і ангельскай мовах. Не выключаецца і польская. Прычым напачатку плануецца ўвесці бясплатнае навучанне.