Антраполагі аднавілі аблічча чалавека, які жыў у Беларусі стагоддзі таму
Айчынныя антраполагі аднавілі аблічча чалавека, які жыў у Беларусі некалькі стагоддзяў таму. Скульптурны партрэт узноўлены метадам пластычнай рэканструкцыі чэрапа. Як інфармуе тэлеканал "Беларусь 1", мяркуецца, што гэта манах аднаго з найстаражытных праваслаўных цэнтраў нашай краіны — Лаўрышаўскага манастыра (Навагрудскі раён), альбо нават святар ці мітрапаліт.
Астанкі чалавека знайшлі два гады таму ў крыпце храма, што адносіцца да Лаўрышаўскага манастыра. Антрапалагічная экспертыза засведчыла ўзрост чалавека — 40-50 гадоў. Не выключаецца правядзенне радыевугляроднага аналізу. Гэта дапаможа вызначыць прыблізную дату пахавання, а значыць і асобу чалавека. У планах і экспертыза ДНК.
Фота: скрыншот з відэа "Беларусь 1".