Апазіцыя — Лазавіку: Як праяўляць актыўнасць у тым, чаго няма?!

Адсутнасць адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года моцна непакоіць Цэнтрвыбаркам. Маўляў, неяк больш актыўна трэба апазіцыі ўключацца ў падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў.

“Выбары для выбарцаў тады становяцца цікавымі, калі агучваюцца розныя пункты гледжання, калі ў іх бяруць удзел розныя палітычныя сілы”, — скардзіцца на пасіўнасць апанентаў улады сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

                                               Мікалай Лазавік

Тое, што ў апазіцыі з абраннем адзінага кандыдата праблемы, даўно не сакрэт. Прычым, праблемы гэтыя ў іх ужо назіраюцца не першую кампанію. Але няўжо яны і сапраўды нічога “перадвыбарчага” не робяць за паўгода да галасавання?

“А як праяўляць актыўнасць у тым, чаго няма?!” — абураецца ў адказ старшыня партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін. І вінаваціць у выбарчай пасіўнасці апазіцыі… ЦВК!

Сяргей Калякін: “Ёсць сумесная заява партый, якую мы ім днямі накіруем, дзе пералічана, што павінны зрабіць улады, каб у краіне сапраўды былі выбары. Найперш яны павінны стварыць умовы для таго, каб галасы на самой справе лічылі, і каб апазіцыя была дапушчаная ў выбарчыя камісіі. Сёння гэтага ў краіне няма, а калі няма, то няма і выбараў. А калі няма выбараў, то ў чым праяўляць актыўнасць? Яны павінны праявіць актыўнасць са свайго боку!”

                                         Сяргей Калякін

Апазіцыйны лідар прыхільнікаў камуністычных ідэй сцвярджае: выбарчае заканадаўства ў нас, у прынцыпе, нармальнае. Праблема ў тым, што яно не выконваецца. І звяртаецца да дэпутатаў парламента, у якіх 2 красавіка пачынаецца веснавая сесія: прыміце на ёй адпаведныя заканадаўчыя акты, якія абавяжуць раённыя ўлады ўключаць апазіцыянераў у склад выбарчых камісій, а выбарчыя камісіі — сумленна лічыць галасы.

І што тады? А тады, кажа Калякін, іх партыя ў траўні правядзе сход, на якім будзе вырашацца фармат удзелу левых у сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі. Магчымых варыянтаў некалькі: ад ігнаравання выбараў да падтрымкі чужога кандыдата ці ўдзел са сваім кандыдатам. А пакуль… Якой актыўнасці чакае ЦВК? Сёння, пералічвае Калякін, вылучаць людзей у выбарчыя камісіі рана, подпісы збіраць — рана, ніякіх акцый без дазволу ўладаў не правядзеш: “Якой актыўнасці хоча Лазавік?”.

Хаця б, каб імёны сваіх партыйных кандыдатаў назвалі. Затое ўжо некалькі месяцаў абяцаюць “у хуткім часе” вызначыцца і назваць імя адзінага ад чатырох структур “Народнага рэферэндуму”. Паспрабаваў гэта зрабіць і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падчас размовы з Еўрарадыё 30 сакавіка, толькі гэтым разам прымаць цьмяныя абяцанкі мы не сталі.

“Абяцаю, што ў наступным месяцы, у красавіку мы гэта прозвішча агучым, — клянецца экс-кандыдат у прэзідэнты і адзін з прэтэндэнтаў на адзінага ад “Народнага рэферэндуму”, і тлумачыць, па якіх крытэрыях вызначаюць самага вартага. — Бяруцца да ўвагі і матэрыяльныя магчымасці, і асабістыя: жаданне ўдзелу, і наяўнасць структур, і гэтак далей”.

                                                    Рыгор Кастусёў

А ў выніку прызнаецца, у працы па вызначэнні адзінага кандыдата і з пачаткам самой працы ў межах падрыхтоўкі да выбараў 2015 года апазіцыя спазнілася… на 4 гады. Як, у прынцыпе, кажа, і да выбараў 2010 года, і на ранейшых. Традыцыі — наша ўсё.

Апошнімі днямі ў сацсетках актыўна абмяркоўваецца магчымасць вылучэння кандыдатам на выбары жанчыны. Вядома, што ў спісе патэнцыйных кандыдатаў на адзінага ад “Народнага рэферэндуму” іх дзве — Таццяна Караткевіч і Алена Анісім. “Інтэрнэт-аналітыкі” выказваюцца за Таццяну. Сама яна за такі давер дзякуе, але сцвярджае, што віншаваць яе зарана — рашэнне яшчэ не прынятае. Праўда, з тым, што ніякай перадвыбарчай актыўнасці ў апазіцыі няма, не згодная.

“Мы ўжо ў межах “Народнай кааліцыі” шмат чаго зрабілі, і лічым, што ў нас ёсць ужо 100 тысяч галасоў, ёсць ужо распачатая ў грамадстве, сярод улады і сярод дэпутатаў парламента дыскусія. І як толькі будзе рашэнне пра адзінага кандыдата, мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць”, — упэўнена адказвае Таццяна Караткевіч.

                                                Таццяна Караткевіч

І ў сваю чаргу адрасуе пытанне сакратару ЦВК Мікалаю Лазавіку: “Чаму яны так працуюць, што няма актыўнасці ў грамадстве і сярод дэмакратычных сіл? І чаму іх лічбам па выніках выбараў ніхто не давярае?”.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін у якасці доказу актыўнасці апазіцыі прыводзіць два факты: падрыхтавалі сумесную заяву ад партый да беларускай улады па “дэмакратызацыі” выбараў і вызначылі свайго кандыдата — Анатоля Лябедзьку. А цяпер чакаюць, каб вызначыўся са сваім кандыдатам “Народны рэферэндум”, каб працягваць актыўнасць.

“Мы падтрымліваем ідэю адзінага кандыдата, і калі “Народны рэферэндум” вылучыць кандыдата ад сябе, то мы гатовыя правесці перамовы з самымі шырокімі наступствамі: ажно да зняцця нашай кандыдатуры, калі там будзе кандыдатура больш аўтарытэтная. Ну, ці хаця б выпрацаваць агульную стратэгію, агульную праграму”.

                                          Леў Марголін

А вось калі кааліцыя адзінага кандыдата не абярэ, то і будзе пагроза з’яўлення на гэтых выбарах “параду кандыдатаў” узору выбараў 2010 года. АГП у такім выпадку, папярэджвае Марголін, адмовіцца ад вылучэння свайго кандыдата.

Калі меркаваць па словах суразмоўцаў Еўрарадыё, то апазіцыя не спіць у шапку, а нават дэманструе прыкметы жыцця. Праўда, як слушна заўважае той жа Лазавік, гэтыя прыкметы чамусьці не асабліва заўважныя з вокнаў Цэнтрвыбаркама. А што тады казаць пра звычайных выбаршчыкаў?

Фота: Змітра Лукашука і з архіва Таццяны Караткевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі