Апазіцыянера Паўла Вінаградава аштрафавалі і адпусцілі
Актывіст маладзёжнага крыла "Zмена" кампаніі "Гавары праўду" быў затрыманы 2 кастрычніка.
26-гадовага Вінаградава абвінавацілі ў "распіцці спіртных напояў", за што аштрафавалі на 1 мільён 200 тысяч рублёў. Ноч да суда ён правёў у "малпятніку" Маскоўскага РУУС. Паводле слоў Паўла, яго палохалі лёсам зніклага 14 гадоў таму тэлеаператара Змітра Завадскага, інфармуе Радыё Свабода.
Папярэдні раз Вінаградаў затрымліваўся міліцыяй 11 верасня і быў асуджаны на 15 сутак арышту. На волю ён выйшаў 26 верасня і заявіў, што плануе і надалей займацца грамадскай дзейнасцю, нягледзячы на пагрозы і рэпрэсіі ўлад.
Павел Вінаградаў — адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, быў асуджаны на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены на падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні. Як мінімум да 25 кастрычніка будзе знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.
На сённяшні дзень на рахунку Паўла Вінаградава ўжо 17-ць “адсідак” з 2007 года і 15-ць — з 2012-га.