Архітэктар: Рэстаранаў і кафэ ў Севастопальскім парку не будзе

Нягледзячы на тое, што Мінгарвыканкам зацвердзіў Дэтальны план Севастопальскага парка з рэстаранамі, кавярнямі і фітнэс-цэнтрамі, галоўны архітэктар рэканструкцыі сцвярджае, што забудоўваць зялёную зону не будуць.  Неспакой людзей за лёс Севастопальскага парка ў Мінску не мае падставаў. Менавіта такі каментар пакінуў галоўны архітэктар праекта Севастопальскага парка, супрацоўнік Мінскага гарадскога інстытута добраўпарадкавання і дызайна Андрэй Каравянскі пад матэрыялам Еўрарадыё, прысвечаным планам Мінгарвыканкама па “акультурванні” гэтай паркавай зоны ў цэнтры сталіцы.

Паводле яго словаў, Дэтальны план рэканструкцыі парка, супраць якога выступаюць жыхары навакольных дамоў, насамрэч не прадугледжвае будаўніцтва ў ім рэстаранаў, кафэ і фітнэс-цэнтраў. Кажа, гэты план можна ўвогуле не ўспрымаць усур’ёз. Бо, не зважаючы на тое, што ён зацверджаны Мінгарвыканкамам, гэта толькі канцэпцыя развіцця рэгіёна. І не абавязкова ў выніку будзе пабудавана ўсё, што ў ім пазначана.

Андрэй Каравянскі: “Нягледзячы на тое, што гэты план прыняты, у нас ёсць указ прэзідэнта №568, дзе гаворыцца, што на тэрыторыі Севастопальскага парка могуць быць толькі спартовыя плоскасныя пабудовы і аб’екты культавага будаўніцтва — гэта наконт царквы на Кнорына. Нічога іншага там быць не можа”.

Згодна са словамі архітэктара, эскіз праекта Севастопальскага парка адмыслоўцы пад кіраўніцтвам самога спадара Каравянскага толькі зараз пачынаюць распрацоўваць. І ніякіх кавярняў, казіно альбо жылых дамоў у гэтым праекце не будзе.

Андрэй Каравянскі: “Ні кафэ, ні казіно, ні тым больш жылых будынкаў, якія пазначаныя ў Дэтальным плане, у нашым праекце не будзе”.

Праўда, прызнаў, што адна новабудоўля ў парку ўсё ж з'явіцца — спорткомплекс на месцы цяперашняй падстанцыі

Андрэй Каравянскі: “Існуе Дэтальны план, які мяркуе вынас гэтай падстанцыі. І на яе месцы, на падмурку, на ўжо парушаным грунце плануецца стварыць спартовы комплекс”.

Нічога іншага, паводле словаў архітэктара, яны проста не маюць права будаваць тут. І сцвярджае, што пра гэта актывістам абароны Севастопальскага парка ён асабіста казаў неаднаразова цягам апошніх некалькіх гадоў.

Але адна з такіх актывістак Валянціна Шалейнікава без даверу ставіцца да слоў архітэктара. І паказвае ліст, падпісаны на той момант выканаўцам абавязкаў старшыні Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам, дзе гаворыцца, што ад будаўніцтва рэстаранаў у парку кіраўніцтва горада адмаўляцца не хоча. І ліст гэты прыйшоў Шалейнікавай некалькі месяцаў таму.



Валянціна Шалейнікава: “Гэты Дэтальны план зацверджаны, і Мінгарвыканкам адмаўляецца адмяніць яго. Ёсць адказ Ладуцькі. Але мала таго, што гэты план зацверджаны, нам пішуць, што ў будаўніцтве рэстаранаў няма нічога страшнага”.



У размове з Еўрарадыё Андрэй Каравянскі заявіў, што побач з паркам не будуць будаваць новых жылых дамоў. Калі толькі некалькі дзіцячых пляцовак. Але вядомы блогер, а таксама абаронца парка Яўген Ліпковіч сцвярджае, што архітэктар асабіста яму паказваў, дзе будзе стаяць новы жылы дом. Ды і дзіцячыя пляцоўкі, кажа Яўген, тут не патрэбныя.

Яўген Ліпковіч: “Я з ім размаўляў, і ён мне паказваў, што вось тут, побач з паркам, будзе пабудаваны дзевяціпавярховы дом. А тут, кажа, патрэбныя дзіцячыя пляцоўкі. Якія дзіцячыя пляцоўкі?! Сюды прыйдуць людзі з гэтага дзевяціпавярховага дома і будуць распіваць спіртное. Людзі, якія жывуць вакол парка, выступаюць супраць таго, каб тут усё было заасфальтавана. Чаму яны настойваюць на тым, каб тут былі зробленыя дзіцячыя пляцоўкі?!”

Нічога страшнага, кажа Каравянскі, не адбываецца і з артэзіянскімі свідравінамі, што знаходзяцца ў парку… Акрамя таго, што яны затампанаваныя і вада з іх у кватэры навакольных дамоў не паступае. А на тое, што Дэтальны план прадугледжвае іх вынас за межы горада, таксама не трэба звяртаць увагі.

Андрэй Каравянскі: “Яны застаюцца, і іх ніхто і ніколі не чапаў. І мы ніяк, ніякім чынам, ніколі гэтыя свідравіны не чапаем і не падыходзім да іх далей за метры першага абарончага пояса. Свідравіны застаюцца, і мы гэта таксама заўсёды казалі! І потым — не самі свідравіны важныя, а ваданосны слой”.

Але мясцовы жыхары не разумеюць логікі чыноўнікаў, якія закрылі свідравіны ў парку і пазбавілі людзей артэзіянскай вады. Цяпер яны, як і большасць жыхароў Мінска, п’юць ваду з паверхневай крыніцы — Вілейска-Мінскай сістэмы. Тым больш, што зусім нядаўна той жа Ладуцька ў сваім лісце абяцаў, што тампанаваць свідравіны не плануецца нават у перспектыве.



А вось Каравянскі не разумее абаронцаў парка: чаму яны выступаюць супраць новага і лепшага? Ён мяркуе, што сярод гэтых абаронцаў — сталыя і кансерватыўныя па сутнасці людзі, якія проста нічога не хочуць мяняць. Апроч таго, не выключыў, што за ўсёй гэтай валтузнёй вакол Севастопальскага парка стаіць перадвыбарны інтарэс асобных актывістаў. Відаць, забыўся на тое, што абарону парка мясцовыя жыхары вядуць ужо больш за 10 гадоў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі