Армія Ізраіля нанесла серыю ўдараў па камандных цэнтрах ХАМАС
Выбухі на тэрыторыі Палестыны
У ноч на чацвер Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) нанесла серыю ўдараў па цэлях у сектары Газы. Былі атакаваныя аператыўныя штабы баевікоў дыверсійнага падраздзялення ХАМАС ("Нахаба"). Прадстаўнікі менавіта гэтага падраздзялення ўдзельнічалі ў нападзе на населеныя пункты на мяжы з сектарам Газа ў мінулую суботу, адзначылі ў ЦАХАЛ.
Акрамя таго, быў кропкава ліквідаваны камандзір ваенна-марскіх сіл ХАМАСа ў брыгадзе "Рафах" Мухамад Абу Шамла. Яго дом, як сцвярджаюць ізраільскія ваенныя, выкарыстоўваўся для захоўвання зброі, ён разбураны.
Тым часам на Блізкі Усход вылецеў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Ён мае намер сустрэцца з лідарамі абодвух бакоў канфлікту. "[Прэзідэнт ЗША Джо - рэд.] Байдэн адправіў свайго галоўнага дыпламата на Блізкі Усход, каб прадэманстраваць нязменную падтрымку Ізраіля з боку Вашынгтона, дамагчыся вызвалення палонных, у тым ліку амерыканцаў, і прадухіліць развязванне больш шырокай вайны", апісвае мэты гэтага візіту Reuters.
Блінкен наведае Іарданію, але не паедзе гэтым разам на Заходні бераг ракі Іардан, дзе звычайна сустракаўся з прэзідэнтам Палесцінскай аўтаноміі Махмудам Абасам. Сустрэча Блінкена і Абаса пройдзе ў пятніцу, паведаміў у сацсетках Хусейн Аль-Шэйх, генеральны сакратар выканаўчага камітэта Арганізацыі вызвалення Палестыны. Але ён не ўдакладніў, дзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.