Астролаг: У 2018-м апазіцыя ўмацуецца, але зоркі будуць спрыяць сілавікам
Наступны год па кітайскім календары — год Жоўтага (землянога) сабакі. Гэта сімвал спакою і прыязнасці. Беларускае грамадства ў 2018 годзе чакаюць сюрпрызы і нечаканасці як у палітыцы, так і эканоміцы. Вось, што прагназуюць астролагі Уладзімір Васюк і Васіліна Міцкевіч.
Палітыка
Уладзімір Васюк: “Такіх нечаканасцяў, як у нашых паўднёвых суседзяў, не будзе. Але гэты год аналагічны 2005-му і 1994-му году. Ва ўладзе змены будуць, але толькі ва ўладнай вертыкалі, а не на самым наверсе. Юпіцер у гэтым годзе праходзіць па знаку Скарпіёна, а гэта паказчык моцы сілавых структур. У наступным годзе яны будуць моцнымі як ніколі. Такіх перамен, каб дух захоплівала, не будзе. Але ёсць у года і адметнасці. Калі Юпіцер — гэта намінальная і рэальная ўлада, то Сатурн — гэта намінальная і рэальная апазіцыя. У гады, калі гэтая планета пераходзіла ў знак Казярога, то адбываліся істотныя змены ў нацыянальнай свядомасці. Акурат чатыры дні таму Сатурн пачаў праходзіць па гэтым знаку. Таму для краіны і нацыі гэта будзе вельмі істотна. Нягледзячы на тое, што гэты год спрыяе сілавікам, узмацніцца і апазіцыя, яна стане больш сістэмнай. З’явяцца новыя людзі ў апазіцыі, пра якіх раней не ведалі і не чулі. Каб выжыць, апазіцыя будзе моцна кансалідавацца. У нас здолеюць прайсці працэсы, аналагічныя перыяду 1989-1990, нягледзячы на тое, што вертыкальная ўлада і яе структура застанецца. Тады мы здабылі незалежнасць ад СССР, а цяпер гэта тычыцца незалежнасці ад нашага усходняга суседа”.
Васіліна Міцкевіч: “Да жахаў рыхтавацца не варта. Геапалітычная атмасфера стабілізуецца, палітыкі пачнуць дамаўляцца і знаходзіць агульную мову. Саюзная дзяржава, якую мы маем, будзе ўмацоўвацца. Краіны СНД наогул пачнуць цесна супрацоўнічаць у наступным годзе”.
Эканоміка
Уладзімір Васюк: “Будуць працэсы, якія істотна правераць свет на трываласць. Зменшыцца будаўніцтва жылля, тут будуць не вельмі прыемныя падзеі, попыт скароціцца, кошты на жыллё будуць паніжацца, асабліва на жыллё першай даступнасці. Намінальная стабільнасць валюты будзе ў калідоры, добра, калі на пятую частку патаннее, а вось рэальна яна патаннее да канца года значна. Дэвальвацыя будзе кантралюемая уладнымі органамі. Кошты вырастуць.
У сусветнай эканоміцы будзе пераацэнка актываў на сусветным узроўні. Тэхналагічная рэвалюцыя ў травені пакладзе васьмігадовы працэс пераацэнкі актываў, а пачатак такога працэсу заўжды вельмі адчувальны. Лета наступнага года можна абазначыць цяжкім і для нашай эканомікі”.
Васіліна Міцкевіч: “У энергетычным сектары будуць змены, вырасце запатрабаванасць у электраэнергіі. Гэта звязана не столькі з новымі тэхналогіямі, проста мы будзем больш спажываць энергіі. ІТ-краінай за год стаць будзе складана, будуць перашкоды. Але ў такі перыяд карысна развівацца, тады будзе лягчэй у будучыні. Тэма ІТ будзе дамінуючай не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, але вырвацца наперад шанец будзе”.