"Авель": Замест "что-то не так" у натоўпе крычалі "Жыве Беларусь!" (фота)

Адну з самых масавых сцэн фільма "Авель" (рух дэманстрантаў ад Кастрычніцкай плошчы да Дома ўраду) пачалі здымаць са спазненнем на гадзіну. Разам са свістам і крыкамі "Супраць" у натоўпе некалькі разоў гукалі "Жыве Беларусь!" Паведамляюць пра адзінкавыя затрыманні.

Праспект Незалежнасці ўвечары 1 лютага быў перакрыты, што дадало нязручнасцяў кіроўцам.

Удзельнікі масоўкі, пераважна студэнты, да пачатку здымак грэліся ў будынку Палаца культуры прафсаюзаў. Сярод іх былі навучэнцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага эканамічнага ўніверсітэта ды інш.

Прысутнічалі ў масоўцы і людзі больш сталага ўзросту. Некаторыя ўдзельнікі масоўкі казалі, што ім плацяць. Іншыя жартавалі: "Даюць гарбату і булачку".

У раёне Цэнтральнай крамы да натоўпу далучыўся малады чалавек, які пачаў крычаць "Жыве Беларусь", да яго адразу падышлі людзі ў цывільным. Па непацверджанай інфармацыі ён затрыманы. Большасць удзельнікаў масоўкі лозунг не падтрымалі. Але ён чуўся ў натоўпе яшчэ некалькі разоў.

Стваральнікі фільма не паскупіліся на фаеры, іх падпальвалі ў галаве калоны падчас усяго руху па праспекце Незалежнасці, таксама актыўна піратэхніку выкарыстоўвалі на прыступках Дома ўраду.

На прыступках Дома ўраду акцёры актыўна крычалі "Супраць!". А малазразумелы лозунг "Что-то не так" не прагучаў.

У руках у людзей не было ніякіх сцягоў і транспарантаў. Па словах стваральнікаў фільма, сцягі дазволілі, але "праект вырашылі не прывязваць да канкрэтнай краіны і падзеяў".

Флэшмоб "Стоп кіно", які збіралі ў сацсетках так і не адбыўся. Па задумцы, яго ўдзельнікі мусілі прыйсці і пачаць рабіць зарадку на Кастрычніцкай плошчы.

Шкло ў Доме ўраду не білі, а проста грукалі. У руках у "пратэстоўцаў" не было ні лому, ні іншых металічных прадметаў, якія паказвалі па дзяржаўных тэлеканалах пасля падзей 19 снежня 2010 года ў Мінску.

Нагадаем, здымкі мастацкай кінастужкі "Авель" праходзяць у цэнтры Мінска з 29 студзеня. У фільме закранаюцца падзеі 19 снежня 2010 года, калі людзі пратэставалі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі