Бацькі палітвязня Паўла Севярынца моцна захварэлі на каранавірус

Бацькі палітвязня Паўла Севярынца моцна захварэлі на каранавірус

Таццяна і Канстанцін Севярынцы захварэлі на каранавірус, паведаміла ў сацсетках іх дачка Ганна Севярынец.

Канстанцін Севярынец трапіў у інфекцыйную бальніцу Віцебска, яму падключылі кісларод. Таццяна пакуль знаходзіцца дома, але і ў яе хвароба працякае ў цяжкой форме.

"Учора, пакуль цягнулася абсурдная эпапея з татавай гаспіталізацыяй — я нават пакуль словаў не знаходжу, каб гэта пераказаць — сталі нам відавочныя і калапс сістэмы, і цынізм адных дактароў, і гераічная самаахвярнасць іншых. Цяпер толькі калі кожнаму з нас будзе трапляцца харошы чалавек — толькі тады будзем жыць, бо сістэма абвальваецца, наўпрост на галовы людзей", — паведаміла Ганна Севярынец у Facebook.

Жанчына выказала меркаванне, што ў гэтай сітуацыі надзея толькі на добрых людзей, у тым ліку медыкаў.

Таццяна Севярынец — вядомая грамадская дзяячка, актывістка ТБМ. Канстанцін Севярынец — журналіст, пісьменнік, аўтар кніг для дзяцей.

Іх сына, палітыка Паўла Севярынца, затрымалі 7 чэрвеня 2020 года, а 25 траўня 2021-га прысудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі