Бацькі: у мінскай СШ №201 — каранавірус. Адміністрацыя не каментуе

Сярэдняя школа №201, Мінск / yandex.by
Сярэдняя школа №201, Мінск / yandex.by

8 кастрычніка бацькі вучняў мінскай школы №201 даведаліся, што дзеці з малодшых класаў заразіліся каранавіруснай інфекцыяй. Па іх словах, адзін з класаў ужо адпраўлены на каранцін.

— Захварэла дзіця з 3 "А" класа. Увесь клас адправілі на каранцін. Група падоўжанага дня 3 "А" і 3 "Б" класа — разам. І ўсе, хто хадзіў у "прадлёнку" з 3 "Б", таксама пайшлі на каранцін, — расказвае адна з мам.

Іншая мама расказвае, што ў трэцяй паралелі ёсць хор, у які ходзяць дзеці з розных класаў.

— Гэты харавы клас стаў сувязным звяном, — кажа яна. — Да іх прыходзяць іншыя класы, каб спяваць у карагодзе. Маё дзіця даведалася сёння гэта ад настаўніцы, што ў школе каранавірус і хварэе трэці клас. Але пра закрыццё школы і дыстанцыйнае навучанне наогул гаворкі не ідзе.

Ведаю, што дзеці сёння з 15:00 да 16:00 павінны былі падысці ў дзіцячую паліклініку №5, здаць мазкі. У каго не атрымліваецца, то заўтра з паліклінікі самі прыйдуць да іх дадому.

Адміністрацыя школы каментар даваць адмовілася, спасылаючыся на тое, што на ўсе пытанні нам адкажуць ва ўпраўленні адукацыі. Але туды ў euroradio.by датэлефанавацца не атрымалася. А ў санэпідэмстанцыі Фрунзенскага раёна нам параілі пакінуць пісьмовы запыт.

8 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў у Палацы незалежнасці нараду, прысвечаную сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруса. "Ідзе другая хваля, — абвясціў Лукашэнка. — ...Хай у нас і не такі рэзкі ўздым захворвання, але ён прысутнічае".

У апошні тыдзень колькасць новых выпадкаў COVID-19, якія фіксуе беларуская афіцыйная статыстыка, вагаецца каля 400 у дзень. Рэзкі гэта рост ці не — сказаць складана. Але першыя хворыя сярод дзяцей ужо ёсць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі