Банкіры назвалі краіны, у якіх беларусам не варта здымаць грошы ў банкаматах

Банкіры назвалі краіны, у якіх беларусам не варта здымаць грошы ў банкаматах

Беларускія банкіры назвалі краіны, у якіх нашым суграмадзянам не варта здымаць грошы ў банкаматах, каб не стаць ахвярамі махляроў. У сувязі з надыходам сезону адпачынкаў спецыялісты “Альфа-банка” просяць беларусаў захоўваць пільнасць пры банкаўскіх аперацыях за мяжой.

У спіс краін, дзе здымаць наяўныя ў банкамаце небяспечна, трапіла прыкладна 100 дзяржаў, сярод якіх Кітай, ЗША, Індыя і Паўночная Карэя.

Сур’ёзныя рызыкі нясе наведванне невялікіх астраўных дзяржаваў Карыбскага басейна — Грэнада, Дамініка. Таксама небяспечна карыстацца банкаматамі ў краінах Лацінскай Амерыкі. Таксама трэба з асцярожнасцю здымаць наяўныя ў Аўстраліі і краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку ў такіх эканамічна стабільных, як Японія, Ганконг і Сінгапур.

Як тлумачаць спецыялісты, зняцце наяўных у банкаматах на тэрыторыях гэтых краін звычайна ажыццяўляецца па магнітнай паласе, а не па “чыпе”. Гэта стварае павышаную рызыку стаць ахвярамі махляроў.

Перад паездкай у гэтыя краіны рэкамендуецца не мяняць ліміты на зняцце сродкаў. Пры гэтым у “Альфа-банку” нагадваюць, што з 1 ліпеня мінулага года ў Беларусі выпускаюць толькі чыпаваныя карткі, якія маюць таксама магнітную паласу.

Страхоўкай ад махлярства можа таксама стаць паслуга СМС-спавяшчэння: калі карыстальнік атрымлівае паведамленне, што з яго карткі спісаная пэўная сума, ён можа заблакаваць картку і пазбегнуць страты грошай, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі