Пратэсты ў Егіпце: 26 новых ахвяраў

У Егіпце адбываюцца жорсткія сутыкненні прыхільнікаў зрынутага прэзідэнта Мурсі і яго праціўнікаў і войска.

Як паведамляе ВВС са спасылкай на егіпецкае агенцтва навінаў, большасць загінулых сканалі ад агнястрэльных раненняў. Хваля насілля накрыла егіпецкія гарады, пасля таго як напярэдадні спецслужбы застрэлілі траіх дэманстрантаў, што выступалі ў падтрымку Мурсі.

Ахвярамі сутычак у Александрыі сталі 12 чалавек, у Каіры — не меней за тры. За гэты тыдзень у Егіпце загінулі ўжо болей за 60 чалавек. Шматлікія прыхільнікі зрынутага войскам Махамеда Мурсі выйшлі на вуліцы егіпецкай сталіцы і іншых гарадоў увечары ў пятніцу.



Сігналам да масавага выхаду на вуліцы, як мяркуецца, стала прамова паплечніка Мурсі, лідара руху “Браты-мусульмане” Махамеда Бадзі на мітынгу каля адной са сталічных мячэцяў. Адразу пасля гэтай прамовы натоўп рушыў па мосце “6 Кастрычніка” да плошчы Тахрыр, дзе ўвесь дзень мітынгавалі тысячы праціўнікаў прэзідэнта. Пачаліся сутычкі, праціўнікі кідалі адзін у аднаго камяні, было чуваць стрэлы.


Пасля пятнічных малітваў шматтысячны натоўп накіраваўся да Клуба афіцэраў прэзідэнцкай гвардыі, дзе, як лічыцца, знаходзіцца арыштаваны Мурсі. Вайскоўцы папярэдзілі іх не перасякаць вуліцу, але натоўп рос, рабіўся ўсё больш агрэсіўным і ўрэшце рушыў наперад. Вайскоўцы спачатку стралялі ў паветра, потым адкрылі агонь па натоўпе.



Ісламісты хочуць масавымі выступамі паказаць, што вайскоўцы памыліліся, адхіліўшы ад улады Мурсі і што яны не абапіраюцца на волю большасці.



Адлі Мансур, часова пастаўлены вайскоўцамі выконваць абавязкі кіраўніка краіны, у пятніцу распусціў верхнюю палату парламента, у якой большасць належыць ісламістам. Ніжняя палата была распушчаная яшчэ год таму Канстытуцыйным судом, які ўзначальваў Адлі Мансур. Дата новых выбараў пакуль не прызначаная.



Тым часам кіраўніцтва Афрыканскага саюза абвясціла аб прыпыненні чаленства Егіпта. Як патлумачыў прадстаўнік арганізацыі Адморэ Камбудзі, рашэнне будзе сапраўдным “да аднаўлення ў Егіпце канстытуцыйнага парадку”.
Былы прэзідэнта Мурсі знаходзіцца пад арыштам, пакуль невядома дзе. Затрыманая і ўся прэзідэнцкая каманда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі