Барсукоў прыгразіў "крыміналкай" мінчукам, якія перашкодзяць "наводзіць парадак"
На працягу тыдня ў Мінску плануецца навесці "ўзорны парадак". Пра гэта заявілі памочнік Аляксандра Лукашэнкі па сталіцы Аляксандр Барсукоў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
На пасяджэнні Мінгарвыканкама Барсукоў паведаміў, што ў гарвыканкам, раённыя адміністрацыі і сталічную міліцыю паступае "маса зваротаў грамадзян аб навядзенні парадку ў Мінску". на міліцыю ён спаслаўся, верагодна, як былы намеснік міністра ўнутраных спраў.
"Пара заканчваць гэтую вакханалію. /.../ Грамадзяне разам з камунальнымі службамі наводзяць парадак у сваіх дварах, робяць прыгожа. А потым прыходзяць вандалы, па-іншаму не магу іх назваць, пачынаюць нешта ўсталёўваць, наносяць надпісы, шумяць. Людзі абураюцца: як можна адпачываць у гэты перыяд часу? А калі пачынаюць нармальныя грамадзяне выходзіць і высвятляць з імі адносіны, узнікаюць скандалы і бойкі. Такая сітуацыя ў нас адбылася і на вуліцы Чарвякова. І такіх шмат: кожны дзень практычна дзясяткі выпадкаў у Мінску", — прыводзяць "Мінск-Навіны"словы Барсукова.
Між тым сітуацыя выглядае з дакладнасцю наадварот: жыхары дамоў упрыгожваюць свае двары, потым прыязджаюць невядомыя варвары ў масках і зразаюць стужкі, зафарбоўваюць муралы і збіваюць мясцовых жыхароў. Часам — да смерці, як адбылося з Раманам Бандарэнкам. Нападнікі часта дзейнічаюць у суправаджэнні міліцыі.
Барускоў спаслаўся на Аляксандра Лукашэнку, які загадаў цягам тыдня навесці ў Мінску ўзорны парадак. Экс-міліцыянт растлумачыў, як будзе выглядаць гэтае навядзенне парадку: "Камунальныя службы будуць прыбіраць усё, што нанеслі. І побач будуць знаходзіцца супрацоўнікі міліцыі. Любое ўмяшанне ў іх дзеянні цягне за сабой не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць".
На гэтую ж тэму выказася і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. Па яго словах у горадзе зацверджаны "План дадатковых мер па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі". Падрабязнасці гэтага плана не агучваюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.