БАТЭ атрымаў першую перамогу пад кіраўніцтвам Аляксея Багі (відэа)
БАТЭ атрымаў першую перамогу пад кіраўніцтвам Аляксея Багі, які нядаўна пачаў выконваць абавязкі галоўнага трэнера (замест Алега Дулуба, якога адправілі ў адстаўку). Адбылося гэта 13 чэрвеня на "Барысаў-Арэне" ў матчы 11-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. У прысутнасці 6 тысяч балельшчыкаў БАТЭ разграміў "Гомель" — 3:0. Галы на рахунку Аляксандра Філіпавіча (28-я хвіліна), Ігара Стасевіча (39-я) і Мірка Іваніча (68-я).
Нагадаем вынікі іншых матчаў 11-га тура, якія прайшлі апошнімі днямі: "Смалявічы" — "Гарадзея" — 2:0, "Прамень" — "Нёман" — 1:2, "Слуцк" — "Дняпро" — 5:0, "Мінск" — "Іслач" — 0:1, "Віцебск" — "Тарпеда-Мінск" — 2:0, "Шахцёр" — "Тарпеда-БелАЗ" — 1:0. Позна ўвечары скончыцца паядынак брэсцкага і мінскага "Дынама", які пачнецца ў 20:45. У жывым эфіры яго пакажа тэлеканал "Беларусь 5".
У БАТЭ стала 28 ачкоў, у мінскіх дынамаўцаў 23 і матч у запасе.