Беларусь істотна знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты
Паводле пастановы Савета міністраў, гэтае рашэнне пачало дзейнічаць з 1 студзеня 2015 года.
Беларусь з 1 студзеня істотна знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы тэрыторыі Мытнага саюза. Адпаведнае рашэнне прыняў урад нашай краіны.
Як інфармуе БЕЛТА, стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту зніжаецца з 277,5 да 170,2 долара за 1 тону. Пошліна на прамагонны бензін і таварныя бензіны складзе 144,6 і 132,7 долара за 1 тону (раней пошліна на абодва віды паліва была на ўзроўні $249,7 за 1 т), на лёгкія, сярэднія дыстыляты — 81,6 долара за 1 тону (было 183,1 долара). Такая ж стаўка пошліны будзе дзейнічаць у дачыненні да бензолу, талуолу, ксілолаў, змазачных і г. д.
Пошліна на дызельнае паліва зніжаецца з 180,3 да 81,6 долара за 1 тону, на звадкаваныя вуглевадародныя газы — з $124,8 да $48 за 1 т.
У папярэдні раз стаўкі вывазных мытных пошлін у дачыненні да сырой нафты і нафтапрадуктаў змяняліся 1 снежня 2014-га. Яны таксама паніжаліся.
Адзначаецца, што вышэйпазначаныя стаўкі ўстанаўлiваюцца ў памерах, роўных стаўкам, уведзеным у Расіі.
Фота: ria.ru