Беларус Муравіцкі, якога затрымалі ў Грузіі, папрасіў пра міжнародную абарону

Яўген Муравіцкі

Яўген Муравіцкі / фота з асабістага архіву

Беларус Яўген Муравіцкі, якога затрымлівалі ў Грузіі, падаў прашэнне пра міжнародную абарону. У міграцыйнай службе яму прапанавалі выехаць за мяжу, перадае Радыё "Свабода".

Як расказвала Еўрарадыё, 25-гадовага беларуса затрымалі 30 лістапада падчас пратэстаў у Тбілісі. У той дзень паліцыя затрымала больш за 100 чалавек. Два дні Муравіцкі правёў у ізалятары. На яго склалі пратакол, абвінаваціўшы ў нібыта "абразе паліцыянта". Сам хлопец абвяргаў, што абражаў праваахоўнікаў.

3 снежня яго выклікалі на размову ў Дэпартамэнт міграцыі ў Тбілісі. Размова доўжылася пяць з паловай гадзін. Там ён падаў заяву на міжнародную абарону. Як расказаў беларускі праваабаронца Раман Кісляк, чыноўнікі спярша не хацелі прымаць заяву і прапаноўвалі зрабіць "візаран" (выехаць за мяжу і ўехаць нанова). На думку Кісляка, пасля гэтага беларуса маглі проста не ўпусціць у краіну ці схапіць па дарозе і вывезці на мяжу.

Напярэдадні Муравіцкага па месцы жыхарства шукалі чатыры чалавекі. Сам хлопец дзеля бяспекі ў кватэры не начаваў. Паводле Кісляка, існавала пагроза, што Яўгена могуць схапіць і вывезці на мяжу з Расіяй. "Там іх было чацвёра. З маёй практыкі гэта азначае затрыманне. Каб кагосьці апытаць, нешта высветліць, чатыры чалавекі не патрэбныя", — мяркуе праваабаронца.

Урэшце заяву на міжнародную абарону ў Муравіцкага прынялі. Хлопец сказаў "Свабодзе", што ніякіх дакументаў яму на рукі не выдалі, як і пасля затрымання. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі