Беларусь разлічвае на зніжэнне кошту расійскага газу ў 2015 годзе

Беларусь разлічвае на зніжэнне кошту расійскага газу ў 2015 годзе. Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.

Па яго словах, якія перадае БелаПАН, кантракт на пастаўку газу з Расіі на 2015-2017 гады Беларусь плануе падпісаць з "Газпрамам" да 30 лістапада. Ён нагадаў, што цяперашні кантракт заканчваецца напрыканцы гэтага года. Сямашка дадаў, што практычна ўсе нюансы наконт паставак на наступныя тры гады бакі ўжо ўзгаднілі.

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што абмежаванняў па аб'ёме закупленага газу там не прадугледжана. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што кошт на расійскі газ павінен крыху знізіцца ў параўнанні з цяперашнім. Зараз за тысячу кубаметраў газу Беларусь плаціць 168 долараў. Гэтае зніжэнне Сямашка звязаў са зніжэннем курсу расійскага рубля да долара. 

"Формула кошту на газ для Беларусі прывязаная да кошту на газ для Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Кошт гэты пералічваецца з рублёў у долары. З прычыны таго, што курсы валют змяніліся, мы мяркуем, што кошт на газ для Беларусі знізіцца", — заявіў Сямашка.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі