Беларус спрабаваў праскочыць праз мяжу з залатым роварам
Рама пакрытая сусальным золатам
Беларус спрабаваў праскочыць праз мяжу з залатым роварам. Вяртаючыся з Польшчы, у пункце пропуску "Варшаўскі мост" ён выбраў зялёны калідор. Але мужчыну спынілі мытнікі.
Па словах грамадзяніна Беларусі, ровар купіў у Мінску па аб'яве за 250 долараў. У Польшчы ён яго рамантаваў. У РБ вёз у разабраным выглядзе. Беларускія мытнікі вырашылі правесці экспертызу. Высветлілася, што ровар з эксклюзіўнай партыі. Такіх было выраблена толькі 50 штук!
Ровар абсталяваны гідраўлічнымі дыскавымі тармазамі і электроннымі пераключальнікамі, дэталямі ад вядучых сусветных вытворцаў (з выкарыстаннем трывалых і лёгкіх матэрыялаў). Шыны на ровары былі ад вытворцы шын для "Формулы-1", а рама і некаторыя іншыя элементы пакрытыя сусальным золатам, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
Эксперты падлічылі, што такі ровар можа каштаваць больш за 62 тысячы рублёў (больш за 18 тысяч долараў). Яго ўладальніку давядзецца заплаціць вялікі штраф — да 30% ад кошту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.