Беларус у Маскве атрымаў 6 гадоў турмы за гандаль спайсам
Ён пагадзіўся быць наркакур’ерам за даволі сціплы ганарар.
Спроба зарабіць у Маскве 500 долараў абярнулася для грамадзяніна Беларусі працяглым турэмным тэрмінам. Як паведамляе пракуратура Масквы, 36-гадовы грамадзянін Беларусі Юрый Кашпар быў асуджаны на 6 гадоў зняволення за падрыхтоўку да збыту наркатычных сродкаў у асабліва буйным памеры.
За 500 долараў беларус павінен быў закласці пакеты са спайсам у два музычныя цэнтры, адвезці іх у раён Любліно, а затым перадаць у аўтобусы, якія ішлі ў Варонеж і Краснадар. У кастрычніку беларуса затрымалі праваахоўнікі і пры асабістым даглядзе знайшлі ў яго пакет з двума кілаграмамі спайсу. Цяпер няўдалы наркакур’ер будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.