Беларуска везла з-за мяжы "для сябе" 120 кг лекаў і шпрыцаў
Жанчына везла з-за мяжы чатыры валізы лекаў
У беларускі, якая прыляцела ў Нацыянальны аэрапорт "Мінск" са Стамбула выявілі 120 кг лекаў і ін'екцыйных шпрыцаў. 38-гадовая жанчына запакавала іх у чатыры валізкі, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.
Жанчына са сваім багажом пайшла ў "зялёны калідор", дзе не трэба дэклараваць тавары. Мытнікі дагледзелі багаж і заявілі, што такую партыю лекаў нельга лічыць таварамі для асабістага карыстання — іх неабходна дэклараваць з падачай усіх неабходных дакументаў.
Але жанчына настойвала, што вязе лекі выключна для асабістага карыстання. З усіх дакументаў яна змагла паказаць толькі выпіску па найменні і кошту некаторых медыкаментаў.
Пры гэтым, як заяўляюць мытнікі, сярод 170 найменняў лекаў толькі сем афіцыйна зарэгістраваныя ў Дзяржаўным рэестры лекавых сродкаў Беларусі.
На жанчыну склалі адміністрацыйны пратакол. Ёй пагражае штраф да 30% ад кошту тавараў. Саму партыю лекаў і шпрыцаў ацанілі ў 320 тысяч рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.