Беларускі баксёр Гулякевіч едзе за поясам у “краіну смерці” (Фота)

Напярэдадні двубою за тытул чэмпіёна свету паміж Гулякевічам і Гуцьерасам у Мексіцы загінуў баксёр Свет прафесійнага бокса скалыхнула некалькімі загадкавымі смярцямі знакамітых баксёраў. Апошні выпадак здарыўся ў Мексіцы. 23-гадовы Марка Назарэт памёр праз чатыры дні пасля двубою з Амарам Чавэсам. Многіх беларускіх аматараў боксу навіна шакіравала. У Мексіку змагацца за тытул чэмпіёна свету па версіі WBC едзе наша зорка Сяргей Гулякевіч. Яго сапернік — мексіканец Гуцьерас.

Рэпарцёр мексіканскага тэлебачання Хуліа Маралес расказвае, як адбылася трагедыя.

Хуліа Маралес: “Гэта быў рэйтынгавы прафесійны двубой паміж Амарам Чавэсам і Марка Назарэтам. Пасля адной з атак Чавэса ў чацвёртым раўндзе суддзя спыніў двубой. Марка Назарэт, які прайграў, спачатку адчуваў сябе нармальна. Але праз хвіліну, седзячы ў сваім куце, адчуў сябе дрэнна. Разыгралася сапраўдная драма, Марка даставілі ў рэанімацыю. Баксёр памёр праз чатыры дні пасля бою”.

Прычына смерці — кровазліццё ў мозг.







У нашага супербаксёра Сяргея Гулякевіча Еўрарадыё запыталася, ці не боязна яму пасля такога здарэння ехаць у Мексіку.

“Вось калі пачынаюць “весці” якога-небудзь добрага баксёра, падбіраюць яму апанентаў, якія, прабачце, дзе-небудзь на пляжы валяліся, — тлумачыць Сяргей Гулякевіч прычыны лятальных выпадкаў у боксе. — Апанентам прапаноўваюць грошы, і яны дзеля гэтых грошай непадрыхтаваныя пачынаюць баксіраваць”.

Сяргей Гулякевіч расказаў Еўрарадыё, што падобны выпадак здарыўся і з адным беларускім баксёрам у мінулым годзе.

“Ёсць такі Ўладзімір Вірчыс ва Ўкраіне. Вельмі сур’ёзны баец, быў чэмпіёнам Еўропы, — працягвае Сяргей Гулякевіч. — І ў нас таксама такі Андрэй Бекеш быў, на “Дынама” трэніраваўся. У яго было вяселле, ён гуляў і ўсё такое. А на наступны дзень у яго пытаюцца: “Паедзеш баксіраваць з Вірчысам?” Вось ён і паехаў. Напрапускаў столькі, што было кровазліццё, ляжаў у коме, рабілі трэпанацыю. Але выжыў”.

Але Сяргей Гулякевіч лічыцца віп-байцом і едзе ў Мексіку толькі за перамогай. Беларусь чакала гэтага бою каля трох гадоў.
 
“У парах, спарынгуюся. Адзін са спарынг-партнёраў — прафесіянал. Астатнія — нашы маладыя хлопцы, — распавядае Сяргей Гулякевіч пра апошні этап сваёй падрыхтоўкі. — У асноўным гэта мае вучні і вучні майго трэнера. Цяжка зараз кагосьці знайсці для спарынгаў. Але хлопцы — малайцы. Напружваюць па поўнай праграме”.

10 жніўня Сяргей Гулякевіч выязджае ў Кіеў, адтуль — у Парыж, потым у Мехіка, і далей — у мексіканскі Мазатлан, дзе 22 жніўня адбудзецца тытульны бой. Будзем трымаць пальцы за Сяргея.



Яшчэ двое беларускіх баксёраў чакаюць баёў за тытулы чэмпіёнаў свету — гэта Юрый Раманаў (Мінск) і Юрый Форман (ураджэнец Беларусі з Нью-Ёрка). Усе трое беларусаў выступаюць у розных вагавых катэгорыях. А наш народ пачынаюць успрымаць як адзін з самых байцоўскіх у свеце.





Вельмі прыкра, але ў свеце прафесійнага бокса сёння сапраўдная паніка. Загінулі некалькі экс-чэмпіёнаў свету. Знакаміты канадзец Артура Гаці, па выніках папярэдняга следства, здзейсніў самагубства. Куміра Сяргея Гулякевіча амерыканца Вернона Форэста застрэлілі на аўтазапраўцы, былы чэмпіён свету ў лёгкай вазе Дыега Каралес разбіўся на матацыкле.

Спадзяемся жахлівы лёс амерыканскіх і лацінаамерыканскіх баксёраў не дэмаралізуе нашых хлопцаў.

Фота Tarantino, мексіканскага тэлебачання, амерыканскай прэсы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі