Беларускі наркабарон кіраваў праз інтэрнэт варонежскімі наркагандлярамі
Мужчына наняў гандляроў праз сайт абвестак.
У расійскім Варонежы наркапаліцэйскія ліквідавалі міжнародную злачынную групу, якую падазраюць у распаўсюдзе "спайсаў" і "соляў".
Па звестках следства, якія перадае interfax.by, кіраваў групай 31-гадовы грамадзянін Беларусі, які заставаўся ў сябе на радзіме. Праз сайт абвестак ён наняў для распаўсюду наркотыкаў траіх жыхароў Варонежа — двух мужчын і адну жанчыну. Кантакт група трымала праз мэсэнджэр ICQ, а продаж наркотыкаў ладзілі праз інтэрнэт-краму і хованкі-"закладкі".
Расійскім праваахоўнікам удалося завабіць беларускага "наркабарона" ў Расію, дзе і затрымалі ўсю групу. Пры ператрусе наркапаліцэйскія канфіскавалі каля 5,5 кг сінтэтычных наркотыкаў — "спайсаў" і "соляў".
Праваахоўнікі пачалі крымінальную справу за незаконныя вытворчасць, збыт і перасылку наркатычных сродкаў.
Фота — iStockPhoto