Беларускі “Оскараўскі камітэт” існуе, але “Крышталёвага лебедзя” яшчэ не вылучаў

Беларускі “Оскараўскі камітэт” існуе, але “Крышталёвага лебедзя” яшчэ не вылучаў

1 ліпеня інтэрнэт узарвала навіна: Беларусь вылучае на “Оскар” фільм “Крышталёвы лебедзь” рэжысёркі Дар’і Жук. Пра гэта стала вядома на кінафестывалі ў Карлавых варах, дзе напярэдадні адбылася прэм’ера стужкі.

Хто і як вылучыў фільм на “Оскар”? Ніякай інфармацыі на гэты конт не было. Журналісты і ўся беларуская кінатусоўка пачалі тэлефанаваць у Мінкульт, на “Беларусьфільм”, у Беларускі саюз кінематаграфістаў. Але ніякай яснасці гэта не прынесла.

Чаму так званы “Оскараўскі камітэт” створаны падпольна?

Беларускі драматург і кінарэжысёр і сцэнарыст Андрэй Курэйчык таксама падключыўся да пошукаў таямнічага “Оскараўскага камітэта”. Але нават з яго сувязямі не атрымалася нічога даведацца.

Беларускі “Оскараўскі камітэт” існуе, але “Крышталёвага лебедзя” яшчэ не вылучаў

“Пакуль няма афіцыйнага пацвярджэння, што “Крышталёвы лебедзь” увайшоў у нейкую оскараўскую праграму замежных фільмаў, — распавядае Курэйчык. — Я так падазраю, што нейкая група сабралася, сказала, што яна — “Оскараўскі камітэт”, і вырашыла вылучыць гэтую карціну. Гэта само па сабе нядрэнна, карціна ж ёсць, яна прэзентаваная на сур'ёзным фестывалі ў Карлавых Варах, шмат краін узяло ў ёй удзел. Сам факт, што ёсць такі выдатны фільм, які можа ўвайсці ў лонг-ліст або ў шорт-ліст замежных карцін для “Оскара”, — гэта добры факт.

Незразумела іншае: чаму так званы “Оскараўскі камітэт” створаны неяк падпольна, непразрыста і незразумела кім? Ён павінен не збірацца для аднаго фільма, а займацца адборам беларускага кіно на “Оскар” на працягу многіх гадоў. Што, гэта масонская ложа ці што?"

7 дзён у пракаце і згода ўсіх вытворцаў

Па словах Курэйчыка, каб вылучыць фільм на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі, трэба ўлічыць шмат умоўнасцяў. Напрыклад, фільм павінен мінімум сем дзён ісці ў пракаце сваёй краіны. А калі стужка — сумесная праца некалькіх краін, дык “Оскараўскія камітэты” ўсіх гэтых краін павінны даць згоду на яе вылучэнне ад адной з іх.

“Крышталёвага лебедзя” амаль цалкам здымалі ў Беларусі. Але ў вытворчасці бралі ўдзел амерыканскія, нямецкія і расійскія кінакампаніі. А гэта значыць, патрэбныя тры згоды на вылучэнне…

Што да беларускага пракату, дык фільм у яго трапіць. Але пазней. Прэм’ера стужкі ў Беларусі адбудзецца 30 жніўня. Адпаведна, і па гэтым крытэрыі “Крышталёвы лебедзь” пакуль нельга вылучыць на “Оскар”.

“Прадзюсары — народ нецярплівы, ім трэба было нешта сказаць”

“У 2009 годзе ў нас хацеў стварыць “Оскараўскі камітэт” Павел Латушка [былы міністр культуры, а цяпер амбасадар Беларусі ў Францыі. — Еўрарадыё). Але, мабыць, ён тады не быў створаны. Ці існаваў у нейкім падпольным стане дзесяць гадоў. Для мяне гэта нейкі сюррэалізм”, — працягвае Андрэй Курэйчык.

Яснасць уносіць мастацкі кіраўнік кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў. Добрая навіна: “Оскараўскі камітэт” існуе. Дрэнная навіна: “Крышталёвы лебедзь” на “Оскар” пакуль не вылучаны.

 

Беларускі “Оскараўскі камітэт” існуе, але “Крышталёвага лебедзя” яшчэ не вылучаў

“Не вельмі дакладная інфармацыя, што фільм ужо адпраўлены. Гэта доўгі працэс, патрэбны вялікі пакет дакументаў, і цяпер дакументы яшчэ рыхтуюцца, — распавядае Еўрарадыё Поршнеў. — Прадзюсары, вы ведаеце, народ нецярплівы, ім трэба было нешта сказаць. Карціну адабралі на Карлавы Вары, і там яны заявілі, што [“Крышталёвы лебедзь”] ад Беларусі падаецца [на “Оскар”]. Члены нашага “Оскараўскага камітэта” прагледзелі карціну, і вырашылі, што гэта дастаткова добры фільм, каб прадстаўляць рэспубліку там. Дакументы рыхтуем, пачынаць некалі трэба, вы ж самі разумееце”.

Дар’я Жук сама прывезла на “Беларусьфільм” дакументы для аднаўлення “Оскараўскага камітэта”

“Оскараўскі камітэт” у Беларусі існуе з 1990-ых гадоў. Ад Беларусі ў Амерыканскую кінаакадэмію нават адпраўлялі два фільмы: у 1994 годзе беларуска-французскі “Я  — Іван, ты  —  Абрам” рэжысёркі Іаланды Заберман, а ў 1996-м — расійска-беларуска-нямецкі фільм Змітра Астрахана “З пекла ў пекла”.

Па правілах Оскара, калі краіна на працягу пяці гадоў не падае фільмы, дык “Оскараўскі камітэт” аўтаматычна перастае існаваць. Беларусь не падавала нічога на Оскар апошнія 15 гадоў. А калі я прыйшоў на пасаду, не было чаго падаваць. А потым пачала рабіць карціну “Крышталёвы лебедзь” гэтая дзяўчынка, яна вучылася ў Амерыцы. Я ў яе спытаў, якія ўмовы для аднаўлення камітэта, яна прывезла мне ўсе дакументы. Мы ўсё запоўнілі, і ў сакавіку атрымалі адказ, што можам падаць фільм ад Беларусі”.

Так аднавіў існаванне беларускі камітэт, які адглядае фільмы для “Оскара”. Ігар Поршнеў адмовіўся называць яго склад. Але, мяркуючы па тым, што ніхто з “тусоўкі” пра “Оскараўскі камітэт” нічога не ведае, незалежныя кінакрытыкі туды не ўвайшлі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі