Беларускім паралімпійцам дагэтуль не выплацілі прызавыя

Беларускія паралімпійцы, якія ў сакавіку ў Сочы заваявалі 3 бронзавыя ўзнагароды, дагэтуль не атрымалі прызавыя. Старшыня Паралімпійскага камітэта нашай краіны Алег Шэпель расказвае, што біятланіст Васіль Шапцябой і лыжніца Ядвіга Скарабагатая не атрымалі грошай, нават нягледзячы на асабісты зварот да дарадцы кіраўніка краіны.

“Ёсць палажэнне, што ўдзельнічаць у фінальнай стадыі спаборніцтваў павінны не менш за пяць краін, толькі тады выплачваюцца прызавыя. Вось. І мы лічым, што не трапляем пад гэтае палажэнне. Вось памочнік прэзідэнта напісаў дакладную кіраўніку краіны. І рэзалюцыя такая — прапаноўвайце, мы вырашым”.

Паралімпійцам належыць выплаціць 75 тысяч долараў — 50 Васілю Шапцябою за дзве бронзы і 25 Ядвізе Скарабагатай, у якой адзін медаль. Перамогі спартоўцаў-інвалідаў у Беларусі шануюцца роўна ўдвая менш, чым перамогі здаровых спартоўцаў. У Расіі, напрыклад, удзельнікі Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў атрымліваюць аднолькавыя сумы.

У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі Еўрарадыё пацвярджаюць, што грошы паралімпійцам пакуль не выплацілі. Але абяцаюць зрабіць гэта ў будучыні і нават у большым памеры.

“Прызавыя не выплачаныя. І прычына простая і вытлумачальная. Як тлумачаць нашы спецыялісты, цяпер вядзецца праца па ўзгадненні і вынясенні адпаведных дакументаў, каб пашырыць спіс людзей, якія атрымаюць прэміяльныя. У тым ліку, і ў бок павелічэння некаторых выплат”.

Пакуль паралімпійцы чакаюць прэміяльных, то алімпійцы атрымалі іх адразу. Дар’ю Домрачаву, Антона Кушніра, Алу Цупер і Надзею Скардзіну узнагароджваюць у валюце літаральна праз два дні пасля распараджэння Лукашэнкі — усяго на 800 тысяч долараў. Гэта пацвярджаюць і ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

“На сайце алімпійскага камітэта шукайце. Там ёсць паведамленне, што беларускім прызёрам і пераможцам Алімпійскіх гульняў у Сочы выплачаныя прэміяльныя. Гэта ж было выкананне даручэння прэзідэнта”.

Праўда, усё ж не да канца зразумела, чаму ўзнагароджванне паралімпійцаў патрабуе нашмат большага часу, чым узнагароджванне здаровых спартоўцаў. Тым больш, што іх перамогі “каштуюць” краіне у дзесяць разоў менш, чым перамогі Домрачавай, Цупер, Кушніра і Скардзіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі